Беларускія банкі падключацца да кітайскай «альтэрнатывы SWIFT»

Мікалай Снапкоў у Кітайскім індустрыяльным парку. Архіўнае фота.

У Беларусі будуць актыўна ўкараняць створаную ў Кітаі міжнародную плацёжную сыстэму UnionPay, заявіў першы намесьнік прэмʼер-міністра Мікалай Снапкоў 6 верасьня пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Акрамя таго, паводле яго слоў, беларускія банкі падключацца да кітайскага аналяга міжнароднай сыстэмы перадачы інфармацыі і ажыцьцяўленьня плацяжоў Таварыства сусьветных міжбанкаўскіх фінансавых каналаў сувязі (SWIFT).

«Гэта адмысловая сыстэма плацяжоў, якая зьяўляецца альтэрнатывай SWIFT», — цытуе Снапкова прэс-служба ўраду.

Першы віцэ-прэмʼер заявіў, што цяпер фінансы зьяўляюцца «адным з асноўных элемэнтаў супрацоўніцтва з Кітаем».

«Тут работа ідзе вельмі актыўна і пазытыўна. Мы пераходзім у нашых плацяжах па даўгах на юані», — падкрэсьліў ён. Паводле яго слоў, кітайская валюта для Беларусі «зьяўляецца камфортнай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея прапанавала новы плян разьлікаў у Эўразійскім эканамічным зьвязе: плацяжы ў нацыянальных валютах і адыход ад SWIFT

Снапкоў паведаміў, што за сем месяцаў ад пачатку году экспарт Беларусі ў Кітай «павялічыўся на 97%, а сальда — амаль на 700 млн даляраў».

UnionPay — міжнародная плацёжная сыстэма, заснаваная ў 2002 годзе. Ініцыятарамі яе стварэньня выступілі Дзяржаўная Рада КНР і Народны банк Кітаю. Яе акцыянэры — больш за 200 фінансавых устаноў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы масава сутыкнуліся з праблемамі ў выкарыстаньні банкаўскіх картак