Яе павезьлі ў адзін зь менскіх РУУСаў. Пакуль прычына затрыманьня невядомая.
Таксама праваабаронцам стала вядома, што ў Менскім гарадзкім судзе затрымалі некаторых сваякоў палітвязьняў, а таксама прадстаўнікоў дыпляматычнага корпусу.
Як расказалі праваабаронцам відавочцы, затрымалі сама меней пяць чалавек — «завалаклі ў бус». Пры гэтым прысутнічаў прапагандыст Азаронак і здымаў, як затрымліваюць дыпляматаў: «Сьмяяўся, браў у іх нібыта інтэрвію пры гэтым і запытваў: «Як вам?», а ў гэты час дыпляматаў валаклі па зямлі». Нават была спроба затрымаць аднаго з адвакатаў палітвязьняў па справе.
Паведамляецца, што затрымалі сваякоў Паўла Шпетнага, якога сёньня асудзілі на 6 гадоў калёніі. Таксама паведамляецца, што затрымалі цётку асуджанага сёньня на 17 гадоў калёніі Аляксандра Францкевіча Натальлю.
Пазьней праваабаронцам «Вясны» сталі вядомыя прозьвішчы некаторых затрыманых пасьля агалошваньня прысуду Марфе Рабковай і дзевяці палітвязьням. Гэта маці і брат асуджанага сёньня да 12 гадоў палітвязьня Аляксея Галаўко Алена і Кірыл Галаўко, а таксама яго сябры Данііл Крашэўскі, Аляксандар Спаткай, Андрэй Уроніч, сяброўка Ася і Алена (прозьвішчы высьвятляюцца). Прычыны затрыманьня і месцазнаходжаньне затрыманых пакуль невядомыя.
Відавочцы распавялі «Нашай Ніве», што затрыманьні пачаліся адразу пасьля суда. Паводле іх, спачатку затрымалі дыпляматаў, а потым «ціхары» выйшлі і паказвалі, каго затрымліваць. У выніку затрымалі некалькі сваякоў асуджаных, частку дыпляматаў і выпадковых людзей. Паводле выданьня, сярод затрыманых таксама маці палітвязьняў Кіма і Аляксея Самусенкаў Людміла і некалькі прадстаўнікоў амбасадаў. Пазьней Людміду адпусьцілі.
Пасьля 20-ай гадзіны вечара выданьне «Новы Час» паведаміла, што выпусьцілі ўсіх затрыманых акрамя Насты Лойкі і яшчэ аднаго хлопца. Усе яны знаходзіліся ў Фрунзэнскім РУУС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынесьлі выракі Рабковай, Францкевічу і яшчэ васьмі палітвязьням: да 17 год зьняволеньня, агулам на 94 гады турмыСправа «Рэвалюцыйнага дзеяньня»
Разгляд так званай справы «Рэвалюцыйнага дзеяньня» пачаўся ў Менскім гарадзкім судзе 25 красавіка. Праваабаронцу Марфу Рабкову, валянтэра ПЦ «Вясна» Андрэя Чапюка, анархістаў Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Аляксандра Францкевіча, Аляксандра Казьлянка, антырасіста Андрэя Марача, а таксама Паўла Шпетнага, Аляксея Галаўко, Данілу Чуля і Мікіту Дранца судзілі за падзеі 2016–2020 гадоў.
У першы ж дзень працэс зрабілі закрытым на хадайніцтва пракурора, які заявіў, што «ў матэрыялах крымінальнай справы ёсьць матэрыялы экстрэмісцкай накіраванасьці». Паводле прэс-службы СК, матэрыялы справы склалі 160 тамоў.
6 верасьня судзьдзя Сяргей Хрыпач прысудзіў палітвязьням наступныя тэрміны:
- Аляксандру Францкевічу — 17 гадоў;
- Акіхіра Гаеўскаму-Ханада — 16 гадоў;
- Марфе Рабковай — 15 гадоў;
- Аляксею Галаўко — 12 гадоў;
- Паўлу Шпетнаму, Мікіту Дранцу, Аляксандру Казлянку, Андрэю Чапюку — па 6 гадоў;
- Андрэю Марачу і Данілу Чулю — па 5 гадоў.
Менавіта такія тэрміны 5 верасьня запрасіў для іх пракурор.
Вядома, што Аляксандру Францкевічу прысудзілі строгі рэжым, Марфе Рабковай — агульны, а ўсім астатнім — узмоцнены.
Таксама фігуранты справы павінны сплаціць штрафаў агулам больш як на 73 тысячы даляраў:
- Аляксандар Францкевіч, Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Марфа Рабкова, Аляксей Галаўко — па 22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў кожны;
- Павал Шпетны, Мікіта Дранец, Аляксандар Казьлянка, Андрэй Чапюк, Андрэй Марач, Даніла Чуль — па 16 000 беларускіх рублёў, або звыш 6300 даляраў кожны.