«Схапілі адваката, які абараняў адваката затрыманага адваката». За што караюць беларускіх юрыстаў і як ім працаваць

Адвакат Сяргей Зікрацкі (справа) перад пачаткам працэсу. Архіўнае фота

Пазбавілі ліцэнзіі, затрымалі, далі «хімію», пасадзілі на 10 гадоў. У такой рэальнасьці з 2020 году жывуць беларускія адвакаты. 

Ці засталося ў Беларусі адвакатаў хоць на тры дні?

«Рэкардсмэн» у тэрміне за кратамі — вядомы адвакат Максім Знак. Яго затрымалі два гады таму, 9 верасьня 2020 году. Суд пакараў юрыста зьняволеньнем на 10 гадоў. Адваката абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу ўлады», «стварэньні ці ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні».

Затрымалі, а пасьля вызвалілі ягонага калегу Ільлю Салея. З 2020 году многіх вядомых адвакатаў пазбавілі ліцэнзій.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былому адвакату Андрэю Мачалаву, які бараніў палітвязьняў, далі 2 гады «хіміі»

Пад крымінальны перасьлед трапіў адвакат Андрэй Мачалаў. Яго пакаралі 2 гадамі «хіміі» за нібыта «падробку ордэру на ўдзел у крымінальным працэсе». Андрэя Мачалава абараняў адвакат Віталь Брагінец. Але цяпер ён у СІЗА. Брагінца абараняў Ангельскі — цяпер ён адбывае адміністрацыйны арышт за «непадпарадкаваньне міліцыі». У СІЗА КДБ знаходзіцца і адвакат Аляксандар Данілевіч.

31 жніўня ў Горадні затрымалі былую адвакатку Юлію Юргілевіч. Яна вярнулася з-за мяжы ў Беларусь і трапіла ў СІЗА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакатку, якая сказала на судзе пра сілавікоў «Хацела б паглядзець ім у вочы», пазбавілі ліцэнзіі

Ці сапраўды ў Беларусі цяпер адвакатаў «засталося на тры дні»? Спыталіся ў юрыста Антона Гашынскага. У Беларусі яго пазбавілі ліцэнзіі, цяпер ён працуе ў Маскве.

Гашынскі кажа, што адвакаты ў Беларусі ёсьць, яны працуюць, робяць сваю справу.

«Хоць пад пастаянным страхам працаваць, зразумела, цяжка», — зазначыў юрыст.

«Ад падзей 2020 году прайшло два гады, і ўсё ўсплываюць нейкія старыя гісторыі. Адны і тыя ж дзеяньні былі раней нармальнымі і законнымі, цяпер жа ў кантэксьце наступстваў яны робяцца ў вачах праваахоўных органаў зусім не законнымі. Гэта праблема. Але праблема ня ў тым, што зьмяніліся законы, — зьмянілася практыка і тлумачэньне законаў», — кажа Антон Гашынскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскага адваката арыштавалі на 14 сутак — нібыта не падпарадкаваўся міліцыі

«Можа быць, адвакаты рабілі тое, пра што мы ня ведаем»

Ці пазбаўленьне ліцэнзій, «хапуны» і турэмныя тэрміны для адвакатаў — гэта помста ўладаў за абарону палітвязьняў?

«Слова „помста“ я не ўжываў бы катэгарычна. Гэта носіць ацэначны характар, я ж застаюся адвакатам, юрыстам і, адпаведна, магу апэраваць толькі фактамі. Калі б быў такі факт устаноўлены, я б гаварыў. Пасьля 2020 году ўлады заявілі, што ўсе „вінаватыя“ будуць вызначаныя і панясуць адказнасьць. Можа быць, адвакаты, якіх затрымалі, якія ў турме цяпер, і не выходзілі на акцыі, але маглі рабіць нешта, пра што мы проста ня ведаем. І пра гэтае „нешта“ ведаюць праваахоўныя органы і далі гэтаму ацэнку», — разважае юрыст.

Ён таксама кажа, што ў Беларусі кожны робіць сваю справу, у тым ліку і праваахоўныя органы.

«У кáта таксама праца ня цукар — быць інструмэнтам пакараньня. Ён робіць сваю справу, потым прыходзіць дахаты, абдымае дзяцей, ходзіць у рэстараны. Так і праваахоўныя органы — робяць сваю справу. А адвакаты сваю. Цяпер што б я параіў адвакатам? Не парушаць закону, захоўваць правілы прафэсійнай этыкі, быць вышкаленым і нэўтральным. Але і гэта не гарантыя», — кажа Антон Гашынскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцдакладчыца ААН аб правах чалавека ў Беларусі зьвярнулася да ўладаў: «Пакласьці канец атмасфэры рэпрэсій і страху»