Раніцай 6 верасьня прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан выступіў з разьвітальнай прамовай у рэзыдэнцыі кіраўніка ўраду на Даўнінг-стрыт у Лёндане.
У ёй ён згадаў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, заявіўшы, што той ня зможа шантажаваць або запалохаць брытанцаў з дапамогай энэргетычнага крызісу.
«Я ведаю, што Ліз Трас і зычлівы кансэрватыўны ўрад зробяць усё магчымае, каб вывесьці людзей з гэтага крызісу, краіна выстаіць, і мы пераможам. І калі Пуцін думае, што можа дамагчыся посьпеху, шантажуючы або запалохваючы брытанскі народ, ён цалкам падманваецца», — сказаў кіраўнік брытанскага ўраду.
6 верасьня Джонсан афіцыйна паведаміў каралеве Лізавеце II пра сваю адстаўку, Каралева Лізавета II прыняла адстаўку прэм'ер-міністра Барыса Джонсана, паведамляе прэс-служба Букінгемскага палаца. Цяпер Ліз Трас заступіць на пасаду.
Да сярэдзіны лета цэны на электраэнэргію ў Вялікай Брытаніі вырасьлі на 50 працэнтаў, а цэны на газ падвоіліся. Да вясны цэны на энэрганосьбіты ў краіне могуць вырасьці ў шэсьць разоў у параўнаньні з дапандэмічным узроўнем, піша The Guardian.
Цэны на паліва істотна ўплываюць на папулярнасьць брытанскага ўраду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вялікай Брытаніі назвалі пераемніцу прэм'ер-міністра Борыса Джонсана5 верасьня стала вядома імя новага прэмʼер-міністра Вялікай Брытаніі. Ім стала міністар замежных спраў каралеўства Ліз Трас, якая абагнала ў колькасьці галасоў былога міністра фінансаў Рышы Сунака.
Больш за месяц члены Кансэрватыўнай партыі (каля 200 тыс. чалавек) па пошце галасавалі за пераемніка Борыса Джонсана.
У час перадвыбарнай кампаніі Трас актыўна выказвала падтрымку Ўкраіне, заклікаючы спыніць Пуціна. Аднак галоўную ўвагу яна прысьвяціла эканамічнаму крызісу ў Вялікай Брытаніі. Менавіта эканоміка стала галоўнай тэмай дыскусій Трас і Сунака.
Лічыцца таксама, што Трас разглядае магчымасьць замарожваньня рахункаў за электраэнэргію. Яе каманда разглядае «мноства захадаў», паведаміла крыніца BBC, дэталі якіх, як мяркуецца, будуць агучаныя ў чацьвер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усе 5 кандыдатаў на пасаду прэм’ера Брытаніі — за жорсткасьць да Крамля ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія замарожвае расейскія актывы на 350 мільярдаў даляраў