У Канадзе 10 чалавек загінулі ад нападаў з нажом. Апублікавалі фота падазраваных

Падазраваныя ў нападах

Сама меней 10 чалавек загінулі і яшчэ 15 атрымалі нажавыя раненьні ў выніку адразу некалькіх нападаў у цэнтральнай канадзкай правінцыі Саскачаван. Нападнікі ўцяклі, па ўсёй правінцыі вядзецца іх пошук, паведаміла мясцовая паліцыя.

Ахвяр нападнікаў знайшлі ў 13 розных месцах, у тым ліку ў грамадзе канадзкіх індзейцаў Джэймс-Сьміт-Кры-Нэйшн і вёсцы Ўэлдан.

Паліцыя аб’явіла ў вышук двух падазраваных — Дэміена Сандэрсана і Майлза Сандэрсана. Ці зьяўляюцца яны сваякамі, невядома. Паводле заявы паліцыянтаў, яны перасоўваюцца на аўтамабілі Nissan Rogue чорнага колеру. Апошні раз іх бачылі ў нядзелю днём у горадзе Рэджайна, які знаходзіцца прыкладна за 300 кілямэтраў на поўдзень ад месца нападаў.

Мясцовыя ўлады заклікалі жыхароў Саскачавана схавацца ў бясьпечных месцах і не пакідаць іх. У рэзэрвацыі Джэймс Сьміт абвясьцілі надзвычайнае становішча. Для аказаньня дапамогі пацярпелым адкрылі два цэнтры экстранай дапамогі.

Прэм’ер-міністар Канады Джасьцін Трудо назваў напады «жахлівымі і невыноснымі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад страляніны ў парку ў Лос-Анджэлесе загінулі два чалавекі, пяцёра параненыя
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страляніна ў гандлёвым цэнтры ў Даніі: тры чалавекі загінулі, трое параненыя