Шэсьць сябраў часовай рады Форуму дэмакратычных сіл Беларусі — структуры, створанай Валерыем Цапкалам — абвясьцілі пра выхад са складу рады, паведамляе Эўрарадыё.
Прычынай для расколу ў структуры, якая існуе ўсяго пару месяцаў, сталі «асобныя ініцыятывы і дзеяньні, якія былі агучаныя і зробленыя нібыта ад імя Форуму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паплечнікі Цапкалы прапануюць перафарматаваць апазыцыю і абраць «народны парлямэнт» на ўзор Тыбэту і СамаліНапрыклад, з астатнімі ўдзельнікамі Форуму не ўзгаднілі ўдзел яго прадстаўнікоў у «Кангрэсе свабоднай Расеі». «Мы працягваем настойваць на тым, што Расея — вораг і акупант, а яе імпэрыялістычныя амбіцыі прынесьлі пагрозу незалежнасьці і нацыянальнай сьвядомасьці свабодным краінам і народам», — сказана ў заяве.
Таксама актывісты крытыкуюць ініцыятыву правядзеньня выбараў сярод апазыцыі, якую прасоўвае Цапкала. Яны лічаць ідэю не прапрацаванай.
Заяву падпісалі Вячаслаў Япішка, Міхаіл Кучараў, Вольга Катовіч, Вадзім Дзьмітранок, Вольга Пашкевіч і Тацяна Сівачэнка. Яна была апублікаваная ў тэлеграм-канале Форуму, аднак пазьней яе выдалілі. Рэпосты захаваліся ў асабістых каналах некаторых аўтараў супольнай заявы.
Дагэтуль у склад рады, абранай на пасяджэньні форуму ў ліпені ў Бэрліне, уваходзіла 17 чалавек — асобы, якія ўваходзілі ў выбарчыя каманды Бабарыкі і Ціханоўскай у 2020 годзе, прадстаўнікі дыяспараў у розных краінах, прадстаўніца Беларускага аб’яднаньня працоўных і іншыя.