Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паплечнікі Цапкалы прапануюць перафарматаваць апазыцыю і абраць «народны парлямэнт» на ўзор Тыбэту і Самалі


Вераніка і Валер Цапкалы, 2020 год, Віцебск
Вераніка і Валер Цапкалы, 2020 год, Віцебск

На ютуб-канале Валера Цапкалы праходзіць прэзэнтацыя «Стратэгіі выхаду з палітычнага крызісу і пабудовы дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь». Каманда, якая аб’ядналася вакол былога прэтэндэнта ў прэзыдэнты, прапануе перафарматаваць беларускую апазыцыю.

Падчас прэзэнтацыі гучала крытыка ў адрас Сьвятланы Ціханоўскай. Яе асяродзьдзе абвінавацілі ў неэфэктыўнасьці. Альтэрнатывай ідэям яе офісу паплечнікі Цапкалы назвалі стварэньне Нацыянальнай рады Рэспублікі Беларусі. Гэта орган мае выканаць функцыю «народнага парлямэнту».

Пасьля кароткай прэзэнтацыі эфір працягнула дыскусія ўдзельнікаў стрыму. У ёй бяруць удзел палітоляг Дзьмітры Балкунец, амэрыканскі палітычны кансультант Джэйсан Джэй Смарт, прадстаўнік беларускай дыяспары ў Варшаве Руслан Хазін, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч.

Паводле аўтараў ідэі, Нацыянальная рада павінна абірацца на два гады простым галасаваньнем грамадзян Беларусі. У яе маюць уваходзіць да 45 чалавек. У Радзе маюць дзейнічаць розныя камісіі, а «народныя абраньнікі» абавязаныя даваць справаздачы выбарнікам аб сваёй працы. Абіраць чальцоў «народнага парлямэнту» прапануюць празь не названую пакуль плятформу, легальнасьць якой мусіць прызнаваць міжнародная супольнасьць. Удзел у галасаваньні маглі б прымаць як беларусы зь Беларусі, так і з замежжа. У якасьці прыкладаў назвалі падобныя органы ў пасьляваеннай Італіі, Тыбэце ў канцы 1950-х і Самалі ў 2004–2012 гадах.

Некалькі дзён таму Форум дэмакратычных сілаў, які зьбіраўся ў Бэрліне і Варшаве з ініцыятывы Валера Цапкалы, зьвярнуўся ў ААН, АБСЭ, Раду Эўропы, Эўрапейскі Парлямэнт з просьбай аказаць ім дапамогу ў правядзеньні выбараў і прыслаць міжнародных назіральнікаў. Пастанову прыняў «часовы Нацыянальны савет».

«Наша ніва» паведамляла, што ў склад «савету» ўваходзяць Вераніка Цапкала, Вольга Карач, Анатоль Котаў, Яўген Вільскі, Валерыя Валодзіна, Вадзім Дзьмітранок, Вячаслаў Япішка, Вольга Катовіч, Міхаіл Кучараў, Антон Малкін, Тацяна Сівачэнка, Аляксей Францкевіч, Руслан Хазін, Вера Хортан, Любоў Шабаршына і Віталь Дзядзюк.

Склад «часовага Нацыянальнага савету» выбіраўся галасаваньнем на Форуме дэмакратычных сілаў у ліпені ў Бэрліне. Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская і іхныя каманды не прысутнічалі на гэтым сходзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG