Падрабязнасьці аўдыенцыі не раскрываюцца.
У гэтым месяцы Пантыфік наведае Казахстан, у сталіцы якога 14-15 верасьня пройдзе VI зьезд лідэраў сусьветных і традыцыйных рэлігій.
Паводле інфармацыі партала Рымска-каталіцкага касьцёла ў Беларусі, «беларускія герархі прымуць удзел у шэрагу мерапрыемстваў, прадугледжаных праграмай апостальскага візыту сьвятога айца ў Казахстан». Паведамляецца, што на сустрэчу з папам Францішкам адправяцца старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі (ККББ) біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, а таксама кіраўнік сынадальнай камісіі ККББ дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандар Яшэўскі.Аляксандар Лукашэнка быў на аўдыенцыі папы Францішка ў траўні 2016 году і з таго часу ён і іншыя чыноўнікі неаднаразова афіцыйна запрашалі пантыфіка наведаць Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сустрэўся з папам: «Гэта была асабістая сустрэча. Мы блізкія зь ім ідэалягічна»Кіраўнік Сьвятога прастола не мог прыехаць празь негалоснае правіла — папа не наведвае краіны, дзе дамінуе іншая канфэсія або рэлігія, бяз згоды адпаведнага рэлігійнага лідэра. У выпадку Беларусі, якая лічыцца краінай з праваслаўнай большасьцю, гаворка пра патрыярху Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Прадстаяцель Рускай праваслаўнай царквы згоду на візыт не даваў.
Каталіцызм — другая па колькасьці пасьлядоўнікаў хрысьціянская канфэсія ў Беларусі. У краіне налічваецца каля 1,5 млн каталікоў (у тым ліку больш за 10 тысяч грэка-каталікоў). Рымска-каталіцкі касьцёл у Беларусі прадстаўлены трыма дыяцэзіямі — Горадзенскай, Віцебскай і Пінскай, а таксама Менска-Магілёўскай архідыяцэзіяй.
Перасьлед каталіцкіх сьвятароў у Беларусі
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году адносіны дзяржавы і касьцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія герархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўсьлед за народнымі выступамі.
- Арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, які тады быў мітрапалітам Менска-Магілёўскім і старшынёй ККББ, улады амаль 4 месяцы з надуманых прычын не дазвалялі вярнуцца на радзіму з-за мяжы. Пытаньне было вырашана на ўзроўні Лукашэнкі і папы Францішка пры пасярэдніцтве дыпляматаў дзьвюх краінаў — беларускаму герарху дазволілі ўехаць у краіну напярэдадні Калядаў, 24 сьнежня 2020 году. Аднак празь 10 дзён, 3 студзеня 2021 году — у дзень 75-годзьдзя Кандрусевіча, папа рымскі адправіў яго на пэнсію.
- У сярэдзіне лета 2021 году праз адміністрацыйны і пэрспэктыву крымінальнага перасьледу Беларусь пакінуў пробашч парафіі сьвятога Язафата Кунцэвіча ў Расонах (Віцебская вобласьць) ксёндз Вячаслаў Барок.
- У канцы сакавіка 2022 году зь Беларусі зьехаў пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах (Віцебская вобласьць) ксёндз Анджэй Бульчак, грамадзянін Польшчы, да якога таксама ў сілавікоў узьніклі прэтэнзіі.
- У красавіку затрымалі і пасьля аштрафавалі за «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў» пробашча парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках (Магілёўская вобласьць) ксяндза Андрэя Кеўліча і пробашча парафіі сьвятога Казіміра ў Стоўбцах (Менская вобласьць) ксяндза Ігара.
- У пачатку ліпеня па той жа прычыне аштрафавалі пробашча парафіі сьвятога Яна Паўла ІІ у Смаргоні (Горадзенская вобласьць) ксяндза Яўгена Учкуроніса.
- У сярэдзіне ліпеня затрымалі пробашча парафіі Сьвятога Духа ў Віцебску ксяндза Андрэя Вашчука. Пасьля яго арыштавалі ўвогуле на 30 дзён — за «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства» і «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў».