Звыклае і прыемнае для беларусаў тлумачэньне (што ўкраінцы пачалі ставіцца да беларусаў нэгатыўна, бо ня ведаюць ці ня памятаюць аб пратэстах 2020 году) пераканаўча абвяргаюць дадзеныя апытаньня, якое правялі ва Ўкраіне ў сярэдзіне жніўня ўкраінскі дасьледчы цэнтар Infosapiens і Беларуская аналітычная майстэрня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль палова ўкраінцаў ставяцца да беларусаў кепска, 90% ведаюць пра пратэсты ў 2020 годзе, — апытаньнеПаводле апытаньня, станоўча да беларусаў ставяцца 38% украінцаў, адмоўна — 48%. Гэтыя дадзеныя карэспандуюць з дадзенымі таксама жнівеньскага апытаньня ўкраінскай Сацыялягічнай групы «Рэйтынг», у якім адмоўнае стаўленьне да беларусаў выказалі 52% рэспандэнтаў. З улікам памылкі рэпрэзэнтатыўнасьці выбаркі дадзеныя фактычна аднолькавыя: прыкладна кожны другі ўкраінец ставіцца цяпер да беларусаў адмоўна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо больш за палову ўкраінцаў кепска ставяцца да беларусаў — вынікі апытаньня ва ЎкраінеА цяпер — пра стаўленьне да беларускага рэжыму. Па ўсіх палітычных пытаньнях, зьвязаных зь Беларусьсю, пераважная большасьць украінцаў у апытаньні Infosapiens і Беларускай аналітычнай майстэрні прадэманстравалі поўную абазнанасьць.
Абазнанасьць пра пратэсты 2020 году — 89%, пра полк Каліноўскага і пра «рэйкавых партызанаў» — больш за 70%, падтрымка тэзы, што Лукашэнка нелегітымны, што ён не адлюстроўвае памкненьні беларусаў — таксама ў пераважнай большасьці, якая перавышае 80%.
Нават калі дапусьціць, што ўсе, хто ня ведае пра беларускія пратэсты і пра беларускі антываенны, праўкраінскі супраціў, адмоўна ставяцца да беларусаў, то чыста арытмэтычна атрымліваецца, што ўсё роўна і ладная частка абазнаных у беларускіх рэаліях — 30–40% — ставяцца да беларусаў кепска.
Калі пра пратэсты 2020 году ведаюць 89% украінцаў, а сярод усіх апытаных да беларусаў ставяцца кепска 48%, то прынамсі 37% украінцаў і ведаюць пра беларускія пратэсты, і пры гэтым адмоўна ставяцца да беларусаў. Гэта простая арытмэтыка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не паглыбляць прорву нянавісьці паміж беларусамі і ўкраінцамі. Меркаваньне Юрыя ДракахрустаХутчэй за ўсё, сувязь паміж ведамі і стаўленьнем больш складаная, але і аналіз абнародаваных дадзеных пераканаўча абвяргае прыемнае для беларусаў тлумачэньне.
Украінцы пра Беларусь насамрэч ведаюць шмат. Але пераважае просты сылягізм: зь Беларусі на галовы ўкраінцаў ляцяць ракеты, вашае племя дапамагае іншаму нападаць на нашае, значыць... І ўсё — кропка.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.