Апошнія тыдні ў краінах Балтыі выдаліся антысавецкімі — у эстонскай Нарве зьнесьлі танк-помнік, а ў латвійскай Рызе дэмантавалі помнік савецкім вайскоўцам. У рыскіх ваколіцах прыбіраюць і помнікі Леніну — дзякуючы гэтым навінам некаторыя ўвогуле ўпершыню пра іх пачулі.
Але калі знос дробных помнікаў ня выклікаў грамадскага рэзанансу, дык пра нарвенскі танк і рыскую стэлу кажуць і пішуць шмат. У Нарве перад зносам мясцовыя жыхары нават арганізавалі дзяжурства ў спадзяваньні, што гэта стане нагодай пакінуць помнік. А калі танк усё ж прыбралі, людзі зрабілі на ягоным месцы народны мэмарыял з кветкамі, сьвечкамі, пахавальнымі вянкамі і дзіцячымі малюнкамі.
І ў Эстоніі, і ў Латвіі супраць зносу помнікаў выступала найперш расейскамоўная супольнасьць, а дакладней, тая яе частка, якая сумуе па СССР і заадно падтрымлівае цяпер вайсковую агрэсію Расеі. Зразумела, што ёсьць і выключэньні, але збольшага гэта даволі маналітная супольнасьць людзей, якія ні Латвію, ні Эстонію ня любяць, паважаюць Пуціна і заўжды гатовыя запытацца, дзе вы былі апошнія восем гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Рызе пачалі дэмантаж помніка савецкім салдатамУ сацыяльных сетках гэтыя людзі апошнія месяцы шмат абмяркоўвалі, як улады іх прыніжаюць жаданьнем пазбавіцца савецкіх помнікаў і якая гэта непавага да памяці дзядоў, якія ваявалі. Часам складалася адчуваньне, што ў гарадах могуць пачацца сапраўдныя беспарадкі — пратэстоўцы будуць атакаваць дзяржаўныя будынкі і паліцэйскіх. Прынамсі, онлайн усё выглядала менавіта так.
Але ў рэальнасьці ўсё аказалася прасьцей — аматары і СССР, і «русского мира» традыцыйна не гатовыя рэальна змагацца за свае каштоўнасьці, калі толькі гэта ня частка дзяржаўнай кампаніі. Калі яны не ў мэйнстрыме і змагаюцца не з эфэмэрным ворагам, якога самі і прыдумалі, усёй іх рашучасьці хапае толькі на камэнтары ў сацсетках.
Гэта, вядома ж, добрая навіна. Запалохваньні онлайн можна лёгка перажыць, а другая «Бронзавая ноч», як у Таліне ў 2007 годзе, ужо наўрад ці здарыцца. Можа, яны ў цэлым не гатовыя адкрыта пратэставаць і рызыкаваць хоць нечым, а можа, усё ж ня хочуць, каб Пуцін прыйшоў іх ратаваць. Любіць яго куды зручней на адлегласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эстоніі савецкія помнікі прыбяруць з грамадзкіх месцаўЁсьць, вядома ж, такі аргумэнт, што людзі не пратэстуюць, бо ў Латвіі і Эстоніі моцныя рэпрэсіўныя машыны. Але, па-першае, самацэнзура і культывацыя страху перад дзяржавай тут куды мацнейшыя за рэальныя пакараньні пратэстоўцаў. Любыя дзеяньні, якія могуць быць расцэненыя як падтрымка расейскай ваеннай агрэсіі ці ўсхваленьне савецкай акупацыі, і праўда аказаліся па-за законам, але расповеды пра паліцэйскую дзяржаву моцна перабольшаныя. А па-другое, у праціўнікаў зносу помнікаў ёсьць легальныя спосабы пратэставаць і ў межах цяперашняга далёка не ідэальнага заканадаўства. Але я ня памятаю, каб у навінах зьяўлялася інфармацыя хоць бы пра адзін такі адзіночны пікет у Рызе. Ці пра адпаведны мастацкі пэрформанс.
Здаецца, іх каштоўнасьці і сьвятыні ня вартыя таго, каб цярпець мінімальны дыскамфорт і ісьці на мінімальную рызыку. І гэта, паўтаруся, добрая навіна.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.