Літоўцы ўжо экспартуюць сваё збожжа, а беларусы купляюць у расейцаў. Што ня так зь лічбамі жніва-2022

Ураджайнасьць у Літве нашмат большая, чым у Беларусі, хоць прапагандысты кажуць, што ў краінах Балтыі сельская гаспадарка цалкам разваленая. У Беларусі ж загад Лукашэнкі аб зборы збожжа сёлета ня выканалі.

Бітва за ўраджай — традыцыйная тэма беларускіх дзяржаўных СМІ ў другую палову лета. Як і штогод, кампаніяй асабіста кіруе Аляксандар Лукашэнка. Ён пабываў на палях ужо ўсіх абласьцей, апроч Гомельскай. Увогуле ад пачатку вайны ва Ўкраіне Лукашэнка ня дужа імкнецца наведваць менавіта Гомельшчыну.

Што тычыцца ўраджаю, то прапагандысты асядлалі гэтую тэму, каб паказаць перавагі беларускай мадэлі. «Галоўная бітва Аляксандра Лукашэнкі — гэта бітва за ўраджай», — кажа палітычны аглядальнік Аляксандар Шпакоўскі. Іншыя прапагандысты, як Рыгор Азаронак, Вадзім Баравік, Юлія Абуховіч, гавораць пра голад, які можа пачацца ў сьвеце, а Беларусь тым часам будзе са сваім ураджаем.

Свабода паглядзела на лічбы сёлетняга жніва. Узьнікае шмат пытаньняў.

Ці рэкордны сёлета ўраджай?

Не. Час ад часу ў дзяржаўных СМІ можна пачуць, што сёлета Беларусь рыхтуецца да рэкорднага ўраджаю. Якія ж сапраўдныя лічбы?

У 2022 годзе ў гаспадарках Беларусі будзе намалочана крыху больш за 8 мільёнаў тон збожжа. Гэта болей, чым было летась, калі ўраджай склаў 6,2 мільёна тон (без уліку кукурузы).

Рэкордным для нашай краіны стаў ураджай 2014 году, калі намалацілі больш за 9,5 мільёнаў тон збожжа. Потым ідзе 2012 год — 9,2 мільёна тон.

Ці выканалі загад Лукашэнкі?

Не. Яшчэ ў сакавіку 2022 году Лукашэнка правёў нараду аб палявых работах. Там ён паставіў задачу на 2022 год — 9 мільёнаў тон збожжа.

«Задача сёлета — сабраць каля 9 мільёнаў тон збожжа. Трэба жалезна ва ўрадзе запісаць, паўсюль — 9 мільёнаў тон збожжа. І хопіць бадзяцца», — тут нельга сказаць, што мелася на ўвазе лічба разам з кукурузай, бо пра яе Лукашэнка гаварыў асобна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лепш няхай Лукашэнка займаецца «бітвай за ўраджай», чым ваюе з Украінай, — Раманчук

Што ва Ўкраіне?

На той жа нарадзе Лукашэнка казаў, што адзін з асноўных пастаўшчыкоў збожжа ў сьвеце — Украіна — наўрад ці зможа правесьці паўнавартасную пасяўную.

Міністар аграрнай палітыкі Ўкраіны Мікола Сольскі прагназуе, што сёлета ўраджай збожжа ва Ўкраіне складзе 65–67 мільёнаў тон. Натуральна, гэта не ідзе ў параўнаньне зь леташнімі лічбамі, калі быў пабіты абсалютны рэкорд — 106 мільёнаў тон.

Для ўнутраных патрэбаў Украіне неабходна каля 18 мільёнаў тон. Астатнія амаль 50 мільёнаў тон пойдуць на экспарт. Таксама ва Ўкраіне ёсьць запас мінулага ўраджаю, які ня быў прададзены, — яшчэ 18 мільёнаў тон.

Той жа Сольскі лічыць, што ва ўмовах вайны, з улікам акупацыі часткі тэрыторый, максымальны ўраджай, на які магла разьлічваць Украіна, — гэта каля 77 мільёнаў тон. «Ураджайнасьць у час вайны ня горшая за сярэднюю ў іншыя гады».

Такім чынам, голад Украіне яўна не пагражае. Атрымаецца і нешта зарабіць на збожжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без крэдытаў ад дзяржавы 53,4% арганізацыяў стратныя. Што ня так зь беларускай сельскай гаспадаркай

Ці экспартуе Беларусь збожжа?

Доля беларускага збожжа на сусьветным рынку мізэрная. У 2020 годзе наша краіна экспартавала 22 тысячы тон пшаніцы. Гэта 49-е месца ў сьвеце — значна меней, чым ва ўсіх суседзяў.

Да прыкладу Польшча ў гэты ж год экспартавала 4,7 мільёна тон пшаніцы (2,1% ад сусьветнага рынку), Латвія — 3 мільёны тон, Эстонія — 0,7 мільёна тон. Гэта ня кажучы пра такія краіны, як Расея (37 мільёнаў тон пшаніцы) і Ўкраіна (18 мільёнаў).

Справа ў тым, што беларускае збожжа амаль цалкам ідзе на корм у жывёлагадоўлі. Менавіта на выраб малака і мяса робіць стаўку беларуская сельская гаспадарка.

Экспартаваць сёлета збожжа не зьбіраюцца зусім, хоць Лукашэнка яшчэ вясной казаў, што «збожжа будзе новай нафтай і золатам, а магчыма, будзе каштаваць яшчэ болей».

Ці імпартуе Беларусь збожжа?

Аляксандар Лукашэнка 26 жніўня заявіў, што папрасіў Уладзіміра Пуціна адкласьці для Беларусі 500 тысяч тон збожжа.

«Ты адкладзі на ўсялякі выпадак. Кажа, не хвалюйся, мільён прададзім па добрых цэнах. Пад задачы жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі могуць спатрэбіцца дадатковыя кармы», — сказаў Лукашэнка.

У тым жа 2020 годзе, напрыклад, Беларусі спатрэбілася толькі 18 тысяч тон замежнага збожжа. Цяпер жа пры дэкляраваньні добрага ўраджаю зьяўляецца патрэба ў дадатковых пастаўках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрт: «Лукашэнку трэба ад 300 да 400 млн даляраў штомесяц»

Што ў Літве?

Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант у адным зь нядаўніх «Клюбаў рэдактараў» казаў, што ў Літве зьнішчаная сельская гаспадарка. Ці так гэта?

Летась ураджай у Літве склаў 5,6 мільёна тон збожжа. Сёлета экспэрты мяркуюць, што ўраджай можа быць лепшы на 10% ці нават болей. Гэта значыць, што агульны ўраджай у Літве складзе больш за 6 мільёнаў тон.

Ураджайнасьць з гектара ў Літве традыцыйна большая за беларускую. Калі ў Беларусі яна складае каля 38 цэнтнэраў з гектара, то ў Літве — амаль 50 цэнтнэраў.

Літва ўжо пачала экспартаваць сёлетні ўраджай. Летась літоўскае збожжа ішло ў Гішпанію, Нігерыю і Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку. Усяго было экспартавана больш за 3 мільёны тон.