Украінцы ведаюць пра сытуацыю ў Беларусі і пра беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць за Ўкраіну, але ня вельмі жадаюць наладжваць адносіны зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Такія зьвесткі агучылі на прэзэнтацыі сумеснага дасьледаваньня Беларускай аналітычнай майстэрні і дасьледчага агенцтва Info Sapiens, паведамляе «Зеркало».
Вынікі дасьледаваньня прадставіў кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні ў Варшаве, доктар сацыялёгіі Андрэй Вардамацкі. Апытаньне праводзілі праз тэлефон, з 17 па 19 жніўня, у ім узялі ўдзел 1026 рэспандэнтаў.
На сёмы месяц вайны Расеі супраць Украіны
- 48,5% апытаных украінцаў адзначылі, што дрэнна ставяцца да беларусаў, добра ставяцца — 38%,
- 89% апытаных ведаюць аб пратэстах супраць фальсыфікацыі выбараў у 2020 годзе ў Беларусі,
- 70% апытаных ведаюць пра беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Ўкраіны,
- 71% апытаных адказалі, што ведаюць пра беларускіх «рэйкавых партызанаў», якія спрабавалі затрымаць рух расейскіх войскаў на пачатку вайны.
Асобны блёк пытаньняў дасьледчыкаў тычыўся таго, ці ведаюць украінцы пра Сьвятлану Ціханоўскую і ці атаясамліваюць Аляксандра Лукашэнку зь беларускім народам:
- 77% апытаных ведаюць пра Сьвятлану Ціханоўскую як пра лідэра беларускай апазыцыі,
- 44% украінцаў лічаць, што Ціханоўская актыўна падтрымлівае Ўкраіну ў вайне супраць Расеі, 25% апытаных адказалі, што яе пазыцыя нявызначаная, амаль 3% лічаць, што Ціханоўская падтрымлівае Расею. 28% рэспандэнтаў не змаглі адказаць на пытаньне.
Таксама адназначна ўкраінцы ўспрымаюць і Аляксандра Лукашэнку:
- 83% украінцаў лічаць, што Лукашэнка не зьяўляецца легітымным кіраўніком Беларусі,
- 80% упэўненыя, што беларусы не падзяляюць яго палітыку ў дачыненьні да Ўкраіны.
Наконт адносінаў афіцыйнага Кіева з Аляксандрам Лукашэнкам і дэмакратычнымі сіламі меркаваньні ўкраінцаў падзяліліся:
- 58% лічаць, што з афіцыйнымі ўладамі Беларусі трэба разарваць усе адносіны, нават калі гэта будзе на шкоду самой Украіне, 38% апытаных прапанавалі падтрымаць дэмакратычную апазыцыю Беларусі,
- 28% схіляюцца да кампрамісу паміж папярэднімі 2 варыянтамі,
- 7,5% згодныя падтрымаць бок Аляксандра Лукашэнкі.
Стаўленьне да беларускіх дэмакратычных сілаў здаецца даволі прахалодным:
- 26% апытаных украінцаў згодныя, што на дзяржаўным узроўні разьвіваць зь імі адносіны ня варта, 24% лічаць, што трэба абмежавацца афіцыйнымі візытамі,
- 15% прапануюць аказваць дэмакратычным сілам Беларусі падтрымку і ўсебакова зь імі супрацоўнічаць,
- 12% заявілі, што адносіны трэба наладжваць, але не афішаваць гэта.
На думку ўкраінцаў, іх уладам ня варта ўзаемадзейнічаць з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, бо незразумела, як моцна яны знаходзяцца пад уплывам Расеі. Так думаюць амаль 66% апытаных украінцаў. Яшчэ 35% лічаць, што беларуская апазыцыя проста слабая і ня зможа ні на што паўплываць. А вось 20% рэспандэнтаў адказалі, што размаўляць зь Ціханоўскай ня варта, бо такі крок можа пагоршыць адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад чаго залежыць стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў? Адказвае ўкраінскі сацыёляг