«Беларусі ў 2020 годзе не хапіла палку Каліноўскага». Мільярдэр Леанід Неўзьлін пра беларускае паходжаньне і пэрспэктывы Лукашэнкі

Леанід Неўзьлін

У Вільні 31 жніўня — 2 верасьня праходзіць кангрэс «Свабоднай Расеі». Ён сабраў усе тыя расейскія палітычныя сілы, якія выступаюць супраць вайны ва Ўкраіне. Кангрэс праходзіць пад лёзунгам «Будзьце храбрымі, як Украіна».

Форум адбываецца ў спа-комплексе за 20 кілямэтраў ад гораду. Зь беларускага боку яго наведалі супрацоўнік Фонду спартыўнай салідарнасьці Анатоль Котаў, рэдактарка «Хартыі-97» Натальля Радзіна, кіраўніца арганізацыі «Дапамога» Натальля Калегава. Нікога з офісу Ціханоўскай на кангрэсе расейскай апазыцыі не было.

Былы суўладальнік нафтавай кампаніі ЮКОС, экс-рэктар Расейскага дзяржаўнага гуманітарнага ўнівэрсытэту Леанід Неўзьлін ходзіць з ахоўнікамі. Цяпер ён жыве ў Ізраілі. У Расеі Неўзьлін асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне. Сваё багацьце ён ацэньвае ў мільярд даляраў.

Калі Неўзьлін чуе пра Беларусь, то расплываецца ва ўсьмешцы. «Пра Беларусь я заўжды гатовы паразмаўляць», — кажа мільярдэр.

— Вы раней казалі, што адчуваеце сябе ўжо больш беларусам, чым расейцам. Гэта сапраўды так?

— Гэта яшчэ да вайны было. Справа ў тым, што ў мяне ўсе карані — і па бацькавай, і па матчынай лініі — прыкладна з адных мясьцін Магілёўскай і Віцебскай абласьцей. Вельмі шмат і доўга гэта дасьледаваў пры дапамозе гісторыкаў і генэолягаў, ёсьць кнігі, ёсьць фільм, які я сабе дазволіў зьняць. І мэнтальна, і эмацыйна, і з пункту гледжаньня людзей, клімату адчуваю прывязанасьць да Беларусі. Таму я так люблю Вільню.

— Думаеце, хутка ўдасца пабываць на радзіме продкаў у Беларусі?

— Дакладна не магу сказаць. Першая неабходная ўмова — падзеньне рэжыму Лукашэнкі. Другая — разрыў адносін з Расеяй і выбудоўваньне нармальных межаў. Потым стаіць пытаньне люстрацый унутры КДБ, спыненьне адносін з расейскім ФСБ. Груба кажучы, калі ўсё гэта адбудзецца, а таксама ў Беларусі пераможа эўрапейскі кірунак разьвіцьця, то зь вялікай аховай я гатовы прыехаць і нават дапамагаць беларусам (усьміхаецца). А да гэтага, канечне, не.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Проста ваяваць за людзей, якіх любіш». Добраахвотнік «Рыцар» быў у партыі, блізкай да Васкрасенскага, а потым зьехаў на вайну

— Чаго не хапіла беларусам у 2020 годзе для перамогі?

— Палку Каліноўскага. Павінны былі быць падрыхтаваныя людзі са зброяй, інфільтраваныя ў масы пратэстоўцаў і гатовыя даць сілавы адпор. Калі б гэта зрабілі на самым пачатку пратэстаў, то людзі хутка б зайшлі ў прэзыдэнцкі палац, і на гэтым бы для Лукашэнкі ўсё скончылася. Я сачу за дзейнасьцю палку Каліноўскага, мне гэта вельмі цікава.

— Ці сочыце вы зараз за кабінэтам Сьвятланы Ціханоўскай? Там сілавы сцэнар ужо таксама пачалі разглядаць як імаверны.

— Я, канечне, сачу за навінамі. Але, ведаеце, аб’яднаць кабінэт Сьвятланы Ціханоўскай і сілавы сцэнар — гэта вельмі сьмешна. Я ня веру, што гэты кабінэт стане ініцыятарам сілавога перавароту і скіданьня Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вячорка: Не разьлічвайце, што Ціханоўская ўсё за вас вырашыць

— На ваш погляд, сёньня Беларусь яшчэ захоўвае сваю незалежнасьць?

— Адносную — так. Беларусь патрэбная Пуціну як пляцдарм для вайны. І Лукашэнка патрэбны Пуціну такі, які ён ёсьць. Калі Пуціну патрэбна будзе болей, а Лукашэнка ня зможа яму гэтага даць, то Пуцін усё адно возьме. І гэта будзе менш незалежнасьці для Беларусі. Цяпер у іх ёсьць між сабой кансэнсус, таму ўнутры Беларусі пакуль кіруе Лукашэнка. Калі ж Лукашэнку скажуць «Пайшлі разам зь Беларусі на Кіеў», то ў гэты момант незалежнасьць будзе страчаная.

— Думаеце, Лукашэнка пры такой прапанове ня зможа выкруціцца?

— Калі Пуціну будзе трэба, то ня выкруціцца. Калі будзе люфт, то выкруціцца. Ён заўжды выкручваецца. Але трэба заўсёды помніць, што Лукашэнка — гэта нелегітымны кіраўнік. Узровень рэпрэсій у Беларусі сёньня вышэйшы, чым быў падчас пратэстаў. Але ніхто гэтага ня хоча заўважаць. У Беларусі ўкаранілі расейскую сыстэму распазнаваньня твараў, што гаворыць аб поўнай супрацы КДБ і ФСБ, а таксама аб адзінстве іх інтарэсаў. Колькасьць палітвязьняў у Беларусі аграмадная, мы нават ня здольныя іх падлічыць, бо няма публічнай пратэставай прасторы.

— Параза Расеі ў вайне з Украінай будзе азначаць сканчэньне рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі?

— Натуральна! Лукашэнку абавязкова зьнясуць. Калі прайграе Расея, то прайграе Пуцін. А прайграе Пуцін, то прайграе і Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я аўтар ідэі саюзнай дзяржавы» — Леанід Неўзьлін пра «пуціна-шмуціна», беларускае грамадзянства і гульні Лукашэнкі