Лукашэнка заявіў, што адправіў прэм’ера Румаса ў адстаўку ў тым ліку празь ягоную пазыцыю па каранавірусе

Сяргей Румас, архіўнае фота 2019 году

Падчас «адкрытага ўроку» для школьнікаў на 1 верасьня Аляксандар Лукашэнка закрануў тэму змаганьня з пандэміяй каранавірусу ў Беларусі і заявіў, што адправіў былога прэм’ера Сяргея Румаса ў адстаўку ў тым ліку празь ягоную пазыцыю па гэтым пытаньні, якая разыходзілася з пазыцыяй Лукашэнкі.

«Амаль палова, калі ня больш, тых, хто маю пазыцыю не ўспрыняў. Усе крычалі, нават ва ўрадзе — ужо шчыра скажу, чаму я адправіў у адстаўку (у тым ліку і таму) былога прэм’ер-міністра (Сяргея Румаса. — РС). «Закрываемся, у кокане нібы, сыходзім усе на „ўдалёнку“, унівэрсытэты, усё закрываем, ніхто не шавеліцца. Памятаеце маю фразу: „Жэрці што будзем?“ Калі б тады мы зачыніліся, нас бы сёньня не існавала, у нас бы была сытуацыя горшая, чым ва Ўкраіне», — заявіў Лукашэнка.

Сяргей Румас быў прэм'ер-міністрам Беларусі з 18 жніўня 2018 па 3 чэрвеня 2020 году. На пачатку чэрвеня 2020 году Аляксандар Лукашэнка адправіў Сяргея Румаса ў адстаўку, патлумачыўшы кадравую перастаноўку неабходнасьцю «перафарматаваньня» напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аграном, банкір і Галоўчанка. Хто ў Беларусі станавіўся прэм’ерам і што зь імі стала пасьля адстаўкі

Падчас поствыбарных пратэстаў жонка ўжо былога прэм’ера Жанна апублікавала ў сацсетках сумесны з мужам здымак на фоне пратэстоўцаў, бел-чырвона-белых сьцягоў і подпісам «з гонарам за беларусаў». Сам былы прэм’ер публічна ані падтрымліваў пратэсты супраць афіцыйных вынікаў выбараў, ані выказваўся ў падтрымку ўлады.

На пачатку лютага 2021 году ў шэрагу СМІ зьвяліся зьвесткі пра магчымы арышт Сяргея Румаса ў Беларусі разам з шэрагам набліжаных да яго банкіраў і бізнэсоўцаў. Гаворка ішла найперш пра мэнэджараў «Белаграпрамбанку». Сям’я былога прэм’ера зьняпраўдзіла чуткі пра яго арышт, запэўніўшы журналістаў, што ён усяго толькі ад’яжджаў па справах у Лёндан і Кіеў. У красавіку зьявіліся афіцыйныя паведамленьні аб прызначэньні Сяргея Румаса ў назіральную раду расейскага «Россельхозбанка».

Цяпер Сяргей Румас працуе ў маскоўскім офісе «Россельхозбанка». Выглядае, што ў выпадку неабходнасьці ён без праблем прыяжджае ў Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы прэм’ер-міністар Румас адзначыўся на ўручэньні «жаночай прэміі» ў Менску