Паўла Мажэйку затрымалі, калі ён прыехаў з-за мяжы наведаць бацькоў у Горадню

Павал Мажэйка

Кіраўніка горадзенскага «Цэнтру гарадзкога жыцьця» журналіста Паўла Мажэйку затрымалі напярэдадні, 31 жніўня. Цяпер высьветліліся абставіны яго затрыманьня.

Пра дэталі напісала журналістка Любоў Лунёва.

«Затрымалі Паўла Мажэйку, калі той чарговы раз паехаў праведаць бацькоў у Горадню. А хто мог ведаць, што там зачыстка цяпер тычыцца ня толькі яго паплечнікаў, але й сваякоў і яго самога? Абвінаваціць могуць у чым заўгодна. Ніхто нават не пытаецца, за што. Цікавіць нумар артыкулу Крымінальнага кодэксу, каб толькі ведаць, колькі „сьвеціць“ чалавеку правесьці за кратамі...»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: у Горадні затрымалі журналіста Мажэйку і адвакатку, у Менску — экскурсаводку

Любоў Лунёва заклікае іншых вядомых журналістаў і грамадзкіх актывістаў ня езьдзіць у Беларусь.

«Нельга! Ну нельга цяпер туды езьдзіць, калі вы вядомая асоба, асабліва калі журналіст ці грамадзкі актывіст. Сьмярдзючая камэра чакае на Бацькаўшчыне кожнага, хто спадзяецца, мо абміне гэтая навала, маўляў, пабачуся са сваімі і вярнуся. Ня вернесься...»

У сакавіку 2021 году Паўла Мажэйку затрымлівалі разам з мастаком Алесем Пушкіным. Тады Мажэйку вызвалілі пасля 72 гадзін.

Павал Мажэйка — вядомы горадзенскі журналіст, адзін зь лідэраў грамадзка-культурнага жыцьця гораду. У 2002 годзе яго асудзілі на два гады хіміі за «паклёп» на Лукашэнку ў артыкуле ў газэце «Пагоня» пра зьнікненьне Захаранкі, Ганчара ды іншых апанэнтаў уладаў. Мажэйка кіраваў «Цэнтрам гарадзкога жыцьця» Горадні, які ўлады зьліквідавалі летам 2021 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зварот у падтрымку горадзенскага «Цэнтру гарадзкога жыцьця» падпісала амаль тысяча чалавек