Падчас «адкрытага ўроку» для школьнікаў на 1 верасьня Аляксандар Лукашэнка прадэманстраваў прысутным у залі Зорку Героя Сацыялістычнай Працы савецкіх часоў, ордэн Леніна, знак Народнага пісьменьніка Беларусі, ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга і пасьведчаньне і заявіў, што «гэта ўсё належыць вядомаму беларускаму пісьменьніку Васілю Быкаву».
Лукашэнка назваў іх «рэчавымі доказамі» і заявіў, што іх яму ўчора прынёс старэйшы сын Віктар Лукашэнка.
«Што мяне ў гэтым уразіла. Вось гэта — хацеў сказаць „мярзотнікі“, але не скажу — нехта са сваякоў і іншых на рынку прадавалі за 30 даляраў. Васіль Быкаў — значная фігура ў нашай гісторыі. Неадназначны чалавек, я гэта добра ведаю. Яго няма сёньня, але ён заўжды цаніў вось гэта (Лукашэнка паказаў адзін з мэдалёў. — РС). Гэта проста так не даецца. І вось такім чынам — вядома, гэта перш за ўсё сваякі, зь іх усё пачалося — гэта ўсё перакрэсьлена», — заявіў Лукашэнка.
Ён дадаў, што «гэта справа сваякоў, але мы ня маем права забываць нашых людзей, хай сабе нават неадназначных, але адзначаных калісьці нашай гісторыяй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навумчык: Лукашэнка працягвае помсьціць Быкаву і праз 19 год пасьля ягонай сьмерціУдава Быкава: «У кватэры ўсё параскрадалі, нічога важнага з архіва Быкава не засталося»
Удава народнага пісьменьніка Беларусі Ірына Міхайлаўна Быкава была ў вельмі цяжкім псыхалягічным стане пасьля выступу Лукашэнкі, які яна слухала, і сказала Свабодзе толькі, што з прэсай пагутарыць пакуль не гатовая. Яна толькі пацьвердзіла, што архіўныя матэрыялы Быкава прапалі з кватэры, у тым ліку зьвязаныя зь ягоным сяброўствам з Барысам Кітом.
Пры гэтым Ірына Міхайлаўна Быкава адразу пасьля выступу Лукашэнкі патлумачыла сытуацыю сваёй блізкай сяброўцы, зь якой пагутарыла Свабода. Паводле яе, да Быкавай прыходзіў чалавек, які назваў сябе прадстаўніком літаратурнага архіву, і тады ўсё важнае са спадчыны Быкава забралі — дакумэнты і іншае. Гэта быў першы візыт людзей, якія працавалі ў пакоі Быкава.
Празь нейкі час да яе прыйшоў іншы чалавек, які назваў сябе дырэктарам літаратурнага музэю. Ён таксама хацеў паглядзець архіў Быкава і ня ведаў, што да яго нехта ўжо наведваў удаву Быкава. Ён сказаў Ірыне Міхайлаўне, што папярэднікі былі махлярамі.
«У кватэры ўсё параскрадалі, нічога важнага з архіву Быкава не засталося. У яе было ўражаньне, што кімсьці нават падробленыя ключы і нехта бываў у кватэры безь яе.
Яна вельмі цяжка рэагуе на словы Лукашэнкі: ні яна сама не магла гэтага зрабіць (аддаць мэдалі на продаж), ні сыны Быкава. Хутчэй за ўсё, выкралі махляры пад выглядам архівістаў», — сказала Свабодзе сяброўка Ірыны Міхайлаўны.
Ірыне Быкавай 95 гадоў. Жыве яна адна. Ірына Міхайлаўна вельмі кепска бачыць, яна амаль страціла зрок.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы міністар культуры: Справу мэдалёў маглі справакаваць спэцслужбы Лукашэнкі, бо ён дагэтуль баіцца БыкаваДырэктар літаратурнага музэю: у музэй з дакумэнтаў Быкава нічога ня трапіла
Дырэктар дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік пацьвердзіў, што ён асабіста і супрацоўнікі музэю прыходзілі ў кватэры Быкавых і сапраўды прасілі ў Ірыны Міхайлаўны архіўныя рэчы Васіля Быкава, ён шмат размаўляў зь ёю, але ўдава была несаступлівая і нічога не пагадзілася аддаць.
Такім чынам, да іх у музэй нічога ня трапіла.
* * *
Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў стаяў ля вытокаў нацыянальнага адраджэньня і быў пасьлядоўным крытыкам Аляксандра Лукашэнкі і ягонай палітыкі. Яшчэ ў 1995 годзе ён назваў цяперашні рэжым хунтай. Пасьля працяглага шальмаваньня з боку ўладаў на радзіме Быкаў зьехаў зь Беларусі і правёў у Фінляндыі, Нямеччыне і Чэхіі пяць гадоў. У Беларусь вярнуўся ўжо цяжка хворым перад самай сьмерцю ў 2003 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Васіль Быкаў: «У мяне да Ўкраіны самае шчымлівае пачуцьцё...». Цытаты з раней не апублікаванага ліста