Палітзьняволенага актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка ў дзень народзінаў, 23 жніўня, зьмясьцілі ў штрафны ізалятар горадзенскай турмы № 1, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна» са спасылкай на яго сваякоў.
Палітвязьня ў той дзень праверылі падчас сьняданку і пакаралі за «парушэньне формы вопраткі» і «адмову ад правядзеньня дакладу». Пры гэтым, паводле інфармацыі праваабаронцаў, супрацоўнік турэмнай адміністрацыі мэтанакіравана праверыў Дзядка, у іншыя камэры ён не заходзіў.
«У 6:30 раніцы, калі я сьнедаў, зайшлі ў маю камэру. Супрацоўнік запатрабаваў стаць тварам да сьцяны ў паставу для ператрусу (на расьцяжку) і прадставіцца (сьцяне). Потым пачалося: чаму ня ў час прадставіўся, чаму ў майцы, чаму басанож і г.д. „Занадта вы тут вольна сябе адчуваеце“», — піша Мікола з-за кратаў.
У лістах ён адзначае, што ў турме працягваюцца спробы стварыць яму нэгатыўны эмацыйны фон і «проста сапсаваць настрой», але ён ня траціць спакою і пачуцьця гумару, перадае прывітаньні сябрам і неабыякавым людзям, якія павіншавалі яго з днём народзінаў.
Мікола Дзядок з 3 жніўня знаходзіцца ў штрафным ізалятары, прычым перад гэтым, у канцы ліпеня, яго ўжо зьмяшчалі на тыдзень у ШЫЗА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікалай Дзядок з-за кратаў: «Абавязкова пабываю ў Вялікай Брытаніі. Я там быў прыблізна ў 1999-м, але мала што памятаю»- Мікалая Дзядка затрымалі 11 лістапада 2020 году ў доме ў пасёлку Сасновы супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС. Паводле праваабаронцаў, пры затрыманьні яго моцна зьбілі, у твар распылілі пярцовы газ. Падчас суда Дзядок расказваў, што пасьля затрыманьня яго прывезьлі ў Менск, у ГУБАЗіК, дзе «зьбівалі, выкарыстоўвалі электрашокер і пагражалі згвалтаваньнем». Ад актывіста патрабавалі назваць паролі і адміністратараў тэлеграм-каналаў.
- 10 лістапада 2021 году Менскі гарадзкі суд прыгаварыў Дзядка да 5 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Судзьдзя Анастасія Папко прызнала яго вінаватым на падставе ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і ч. 1 арт. 2953 Крымінальнага кодэксу (незаконныя дзеяньні ў адносінах да прадметаў, якія паражальнае дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў). Дзядок не прызнаў віну ні па адным з прад’яўленых абвінавачаньняў.
- 28 чэрвеня суд Горацкага раёна пастанавіў перавесьці Дзядка на турэмны рэжым на 2 гады і 10 месяцаў. У канцы сакавіка адміністрацыя калёніі № 9, дзе да гэтага ўтрымліваўся палітвязень, на 4 месяцы зьмясьціла яго ў памяшканьне камэрнага тыпу — за тое, што ён на знак пратэсту адмовіўся хадзіць на працу.
Палітвязьні Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна ўзялі шлюб у СІЗА
Заключэньне шлюбу адбылося 1 верасьня ў менскім СІЗА-1, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна былі затрыманыя ў студзені 2021 году. Іх абвінавачваюць паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не прызнаю сябе вінаватым». Зьняволены журналіст Аляксандраў напісаў ліст з нагоды пачатку судуПраваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 18 чалавек
1 верасьня беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі яшчэ 18 чалавек. Гэта Сяргей Боршч, Сяргей Дзябольскі, Юры Джэнжэра, Сяргей Ганічаў, Яўген Грыцук, Анастасія Гунько, Арцём Забеленкаў, Натальля Карнеева, Сяргей Кзендзікаў, Дзьмітры Ляўковіч, Алена Латушка, Алена Малькевіч, Ігар Пастухоў, Сьвятлана Саковіч, Сяргей Франчук, Леанід Чырыкаў, Віталь Фесік і Мікіта Саідаў.
Усе яны заключаныя пад варту або ўжо асуджаныя паводле прысудаў па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).
Паводле стану на 1 верасьня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ўжо 1326 чалавек.
Яну Пінчук этапавалі ў Беларусь
Тэлеграм-канал @freeyana паведамляе, што дзяўчына знаходзіцца ў СІЗА Віцебска.
Яна Пінчук — грамадзянка Беларусі, ёй на радзіме пагражае вялікі тэрмін за адміністраваньне «экстрэмісцкага» тэлеграм-чата «Віцебск 97%». Яе затрымалі ў Расеі і прынялі рашэньне выдаць Беларусі, нягледзячы на забарону Камітэта па правах чалавека ААН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Расеі вырашыў выслаць на радзіму беларуску Яну Пінчук, нягледзячы на заклік Камітэту правоў чалавека ААН