Краіны G7 прынялі да разгляду ініцыятыву ЗША пра абмежаваньне цаны на расейскую нафту

Расейскія нафтавыя чыгуначныя цыстэрны

Як паведамляе Белы дом, міністры фінансаў краін «Вялікай сямёркі» ўжо ў гэтую пятніцу 2 верасьня абмяркуюць прапанаванае адміністрацыяй Байдэна абмежаваньне цаны на расейскую нафту.

«Мы лічым, што гэта самы эфэктыўны спосаб моцна ўдарыць па даходах Пуціна, што прывядзе ня толькі да іх падзеньня, але і да зьніжэньня сусьветных цэнаў на энэрганосьбіты, — заявіла прэс-сакратарка Белага дома Карын Жан-П’ер на брыфінгу для журналістаў 31 жніўня. — Гэтая тэма будзе абмяркоўвацца дадаткова на гэтым тыдні, на сустрэчы міністраў фінансаў G7 у пятніцу». Яе цытуе «Голас Амэрыкі».

Лідэры G7 абмяркуюць, якім чынам усталяваць верхнюю мяжу цаны расейскай нафты, а таксама разглядаюць і іншыя альтэрнатывы, у тым ліку блякаваньне яе транспартаваньня.

Нягледзячы на тое, што экспарт расейскай нафты апусьціўся да самага нізкага ўзроўню са жніўня мінулага года, экспартная выручка Масквы ў чэрвені павялічылася на 700 мільёнаў долараў у месячным вылічэньні праз больш высокія цэны, якія на 40% вышэйшыя за сярэдні паказчык 2021 году, паведаміла Міжнароднае энэргетычнае агенцтва ў ліпені.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына і Вялікая Брытанія заявілі, што гатовыя да зімы без дадатковага імпарту газу з Расеі

Заходнія лідэры прапанавалі вырашыць гэтую праблему з дапамогай абмежаваньня цаны на нафту, якую маюць права плаціць нафтаперапрацоўчыя заводы і трэйдары за расейскую нафту, аднак некаторыя трэйдары і аналітыкі нафтавага рынку выказалі сумневы ў тым, што абмежаваньне будзе дзейнічаць, паколькі Расея знайшла спосабы пастаўляць сваю нафту ў Азію без страхаваньня суднаў на Захадзе.

У групу G7 уваходзяць Вялікая Брытанія, Канада, Францыя, Нямеччына, Італія, Японія і Злучаныя Штаты. Многія краіны ўвялі санкцыі супраць Расеі пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну, якое Масква да гэтага часу называе «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй», але ключавыя спажыўцы расейскай нафты — Кітай і Індыя — павялічылі імпарт з Расеі да рэкордных узроўняў, дамогшыся ад Расеі зьніжкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына пачынае замяняць расейскую нафту амэрыканскай

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.