Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў Гарбачова «рэдкім лідэрам» — «чалавекам з уяўленьнем, здольным убачыць, што іншая будучыня магчымая, і мужнасьцю рызыкнуць усёй сваёй кар’ерай, каб дасягнуць яе. Вынікам стаў больш бясьпечны сьвет і большая свабода для мільёнаў людзей», — гаворыцца ў заяве Байдэна.
Паводле генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша, Міхаіл Гарбачоў быў адзіным у сваім родзе дзяржаўным дзеячам, які зьмяніў ход гісторыі і зрабіў больш, чым хто б там ні быў, для мірнага завяршэньня халоднай вайны.
Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан заявіў, што заўсёды захапляўся адвагай і шчырасьцю, якую Гарбачоў праявіў у прывядзеньні халоднай вайны да мірнага заканчэньня. «У часы пуцінскай агрэсіі ва Ўкраіне яго нястомная прыхільнасьць адкрытасьці савецкага грамадзтва застаецца прыкладам для ўсіх нас», — напісаў брытанскі прэм’ер-міністар.
На думку прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона, прыхільнасьць Гарбачова да міру ў Эўропе зьмяніла гісторыю і адкрыла расейцам шлях да свабоды.
Старшыня Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен назвала Гарбачова годным і паважаным лідэрам, які адыграў вырашальную ролю ў спыненьні халоднай вайны і падзеньні жалезнай заслоны. «Ён адкрыў шлях да свабоднай Эўропы. Гэтую спадчыну мы не забудзем», — дадала фон дэр Ляен.
Нямецкія палітыкі асабліва адзначаюць тую ролю, якую Міхаіл Гарбачоў адыграў у разбурэньні Бэрлінскага муру і наступным аб’яднаньні Нямеччыны. «Без Гарбачова немагчыма было б уявіць мірных рэвалюцый у краінах Усходняга блёку, у тым ліку ў нас», — заявіла віцэ-прэзыдэнт Бундэстагу Катрын Герынг-Экард.
«Гарбачоў даў нам свабоду. Ён даў свабоду сотням мільёнаў людзей у Расеі і вакол яе, а яшчэ і палове Эўропы. Як мы ў Расеі скарысталіся падоранай нам свабодай, гэтай вялікай магчымасьцю — гэта ўжо наша адказнасьць», — пракамэнтаваў вестку аб сьмерці былога прэзыдэнта. СССР расейскі палітык, заснавальнік партыі «Яблоко» Грыгорый Яўлінскі, які займаў у 1990 годзе пасаду намесьніка старшыні Савету Міністраў РСФСР.
Гарбачова прынялі б з захапленьнем у любой краіне плянэты, але ён застаўся ў Расеі, дзе яму было надзвычай нялёгка ад масавага неразуменьня і непрыманьня, мяркуе Яўлінскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Той, хто даў свабоду. Міхаіл Гарбачоў на Свабодзе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр апошні кіраўнік СССР Міхаіл ГарбачоўГарбачоў адыграў вырашальную ролю ў ператварэньні вельмі аўтарытарнай і рэпрэсіўнай сыстэмы ў больш асьвечаны рэжым, у якім набіралі сілу тэндэнцыі да плюралізму і дэмакратызацыі, піша The Times. Ён вызваляў зьняволеных і рэабілітаваў дысыдэнтаў, увёў свабоду слова, сходаў і рэлігіі і даў магчымасьць росту для грамадзянскай супольнасьці.
Тым ня менш у Расеі шмат хто вінаваціць яго ў разбурэньні СССР і наступных эканамічных нягодах і крушэньні былой велічы краіны.
«Гарбачоў быў, безумоўна, найярчэйшым палітыкам свайго часу. Але для ўсіх народжаных у Савецкім Саюзе ён застаецца складанай і супярэчлівай гістарычнай постацьцю... Па-хрысьціянску шкада... Гэтак жа, як шкада і тую вялікую краіну, працэсы развалу якой пачаліся якраз у эпоху „перабудовы“ і „новага мысьленьня“ і згулялі на руку тым, хто імкнуўся сьцерці СССР з палітычнай мапы сьвету», — заявіў лідэр ЛДПР Леанід Слуцкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гарбачоў. Рай». Фільм пра першага і апошняга прэзыдэнта СССР. ВІДЭА