«Мы павінны захаваць „Усходняе партнэрства“ як інструмэнт умацаваньня ўстойлівасьці нашых партнэраў, вельмі важна адаптаваць структуру да новых абставінаў. У прыватнасьці, нам трэба актывізаваць нашы намаганьні дзеля пашырэньня супрацоўніцтва з Армэніяй і Азэрбайджанам ва „Ўсходнім партнэрстве“, прапаноўваючы істотныя і канкрэтныя выгады. Што тычыцца Беларусі, у цэнтры нашай увагі па-ранейшаму павінна быць падтрымка беларускай апазыцыі як на эміграцыі, так і на радзіме», — гаворыцца ў супольнай заяве Францыі і Нямеччыны.
У цэнтры нашай увагі па-ранейшаму павінна быць падтрымка беларускай апазыцыі як на эміграцыі, так і на радзіме.
Дакумэнт канстатуе: «Захопніцкая вайна Расеі супраць Украіны падкрэсьлівае, што мы жывем у эпоху сыстэмнага суперніцтва, дзе рэвізіянісцкія рэжымы выкарыстоўваюць сваю ўладу для прасоўваньня тэрытарыяльнай экспансіі і ідэалягічных праграмаў, варожых нашым асноўным каштоўнасьцям і інтарэсам.
Як ЭЗ мы павінны стаяць разам і абараняць прынцыпы міжнароднага права, правы чалавека і мір ва ўсім сьвеце. Нам таксама неабходна наладзіць стратэгічнае партнэрства з урадамі-аднадумцамі па ўсім сьвеце для абароны парадку, заснаванага на міжнародных правілах...»
МЗС Францыі і Нямеччыны падкрэсьліваюць, што Расея выступае за гэтае геапалітычнае спаборніцтва паміж аўтарытарнымі сіламі і лібэральнымі дэмакратычнымі каштоўнасьцямі. «Ва ўмовах захопніцкай вайны Расеі супраць Украіны і яе драматычных наступстваў мы павінны зрабіць неабходныя захады і перабудаваць нашу палітыку. Як Эўразьвязу нам трэба быць лепш падрыхтаванымі да барацьбы з сыстэмнымі супернікамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністры замежных спраў ЭЗ абмяркоўваюць у Празе вайну ва Ўкраіне і шэнгенскія візы для грамадзянаў Расеі і Беларусі