Суд над прэс-сакратаром кампаніі «А1» Брэдзелевым зрабілі закрытым

Мікалай Брэдзелеў

35-гадовага Мікалая Брэдзелева абвінавачваюць у злоўжываньні ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі і фінансаваньні экстрэмісцкага фармаваньня.

У Менскім гарадзкім 29 жніўня распачаўся суд над 35-гадовым кіраўніком ўпраўленьня сувязяў з грамадзкасьцю кампаніі мабільнай сувязі A1 Мікалаем Брэдзелевым. Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 424 КК (злоўжываньне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі) і арт. 361-2 КК (фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня).

30 жніўня праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што судзьдзя Алена Ананіч пастанавіла разглядаць справу ў закрытым рэжыме.

Судзяць Брэдзелева паводле зьмененага артыкулу за «фінансаваньне экстрэмісцкага фармаваньня». У рэдакцыі Крымінальнага кодэксу ад 26 траўня гэтая фармулёўка адсутнічае. Цяпер гэта «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці або дзейнасьці, накіраванай на рэабілітацыю нацызму», піша «Вясна».

За кратамі Мікалая ўтрымліваюць ужо дзявяты месяц — яго затрымалі 10 сьнежня 2021 году.

Праваабаронцам вядома, што, што сілавікі білі яго пасьля затрыманьня. На праўладных каналах тады зьявілася «пакаяльнае» відэа зь Мікалаем, дзе падамлялася, што ён нібыта «зьліваў» інфармацыю блогеру Антону Матольку. Характар інфармацыі невядомы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Брэдзелеў ня выйшаў пасьля арышту; Афнагеля ў калёніі пакаралі ШЫЗА