Каліноўскі не пісаў «Зямля наша... называецца літоўская». Графалягічная экспэртыза адкрыла гістарычную сэнсацыю

Графалягічная экспэртыза ў Празе пралівае новае сьвятло на асобу нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў. Паводле Сяргея Абламейкі, новыя факты пацьвярджаюць яго выснову, што менавіта група Каліноўскага стаяла ля вытокаў беларускай нацыянальнай палітычнай гісторыі.

Сьцісла

  • У Чэхіі выкарыстоўваецца лацінскі альфабэт, беларускія тэксты ХІХ стагодзьдзя, якія нас цікавяць, таксама пісаліся лацінкай, таму іх почырказнаўчы аналіз у Празе цалкам карэктны і прымальны з навуковага пункту гледжаньня.
  • Графалягічная экспэртыза паказала, што Кастусь Каліноўскі не пісаў тэксту ня выдадзенага нумару «Мужыцкай праўды», у якім сьцьвярджалася, што «Зямля наша зь вякоў вечных называецца літоўская, а мы то называемся Літоўцы».
  • Паводле псыхалягічнага партрэту аўтараў «Лістоў з-пад шыбеніцы» і «літоўскага» нумару «Мужыцкай праўды», першы быў прыроджаным лідэрам, а другі — старэйшым за першага і больш асьцярожным чалавекам.
  • Графоляг вывучыла і знойдзеныя прафэсарам Алесем Смаленчуком тэксты «Каімшчыны на Літве і Белайрусі» і зварот да Папы Рымскага аб пакутах Уніяцкай царквы. Паводле графоляга гэтыя два тэксты, а таксама «Лісты з-пад шыбеніцы» і «літоўскі» нумар «Мужыцкай праўды» пісалі чатыры розныя асобы
  • Заключэньні графоляга паказваюць, што вакол Каліноўскага існавала цэлае кола беларускамоўных аўтараў, і што ягоная група сапраўды стаяла ля вытокаў беларускай нацыянальнай палітычнай гісторыі.
  • Вынікі экспэртызы пацьвярджаюць маю ранейшую выснову аб тым, што ідэя Беларусі — як асобнай краіны пад такой назвай — палітычна нарадзілася менавіта тады.

Летам 2022 году, сабраўшыся выдаць свае гістарычныя эсэ апошніх гадоў кнігай, я зноў задумаўся над тэкстам пра Кастуся Каліноўскага і ключавы момант для нованароджанай беларускай нацыянальнай ідэі, які яна перажыла ў кастрычніку 1862 году.

У тым тэксьце, які называўся «Чаго я не сказаў у кнізе пра Каліноўскага», мова ішла пра лёсавызначальны і драматычны, на маю думку, пункт у самай раньняй гісторыі нараджэньня мадэрнай беларускай нацыі. Ім стаў нявыхад у кастрычніку 1862 году шостага выпуску «Мужыцкай праўды», у якім сьцьвярджалася, што «Зямля наша зь вякоў вечных называецца літоўская, а мы то называемся Літоўцы».

Фрагмэнт ня выдадзенага шостага нумару «Мужыцкай праўды» з фразай пра Літву і літоўцаў.

Грунтуючыся на сваім аналізе зьместу вядомых тэкстаў Каліноўскага, я зрабіў выснову, што ў тым месяцы лідэр будучага паўстаньня і кіраўнік рэдакцыі «Мужыцкай праўды» сам адмовіўся ад выданьня шостага выпуску. Пераконвае ў гэтым і той факт, што тады ж пад тым самым шостым нумарам сьвет пабачыў выпуск «Мужыцкай праўды» пра Ўніяцкую царкву.

Гэта былі часы падпольля, але татальных рэпрэсій яшчэ не было, і будучыя паўстанцы дзейнічалі адносна вольна і спакойна. Можна дапусьціць, што знойдзены больш як 30 гадоў таму падчас рэстаўрацыі Бэрнардынскага касьцёла ў Вільні рукапіс нявыдадзенага выпуску «Мужыцкай праўды» пра «Літву і літоўцаў» быў у кастрычніку 1862 году зь нейкіх прычын згублены. Але калі б Каліноўскі хацеў выдаць менавіта яго, такі рукапіс быў бы лёгка адноўлены. Відавочна, што рукапіс быў менавіта адкінуты лідэрам будучага паўстаньня, прызнаны неактуальным і трапіў у ягоны архіў. Не дарма «літоўскі» нумар быў знойдзены разам з асабістымі рэчамі Каліноўскага. Гэта — вельмі важкі факт і аргумэнт.

Выдадзены шосты нумар «Мужыцкай праўды», прысьвечаны абароне Ўніяцкай царквы.

Таму я і зрабіў выснову, што менавіта тады, магчыма, у спрэчках з астатнімі сябрамі рэдакцыі — Фэліксам Ражанскім, Станіславам Сангіным, Валерыем Урублеўскім і Францішкам Юндзілам — Кастусь Каліноўскі прыняў канчатковае рашэньне, як будзе называцца яго народ.

І гэта было лёсавызначальнае рашэньне. Пад назвамі «Беларусь» і «беларусы» мы ўвайшлі ў ХХ стагодзьдзе і зноў сталі народам дзяржаўным, прайшоўшы шлях ад БНР да Рэспублікі Беларусь. Ужо гэта можа сьведчыць, што Каліноўскі не памыліўся.

1 лютага 1863 году ён стварыў Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі, у далейшых сваіх тэкстах пісаў пра «край Літоўскі і Беларускі» і пра «народ зямлі Літоўскай і Беларускай». А ў «Лістах з-пад шыбеніцы» ён зьвяртаўся ўжо выключна да беларусаў і атаясамліваў сябе менавіта зь беларускім народам. Гэтак жа і Нацыянальны ўрад у Варшаве свой зварот ад 3 траўня 1863 году адрасаваў ужо «братам-беларусам», прызнаючы тым самым іх гістарычную суб'ектнасьць, што было вынікам дзейнасьці Каліноўскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго я не сказаў у кнізе пра Каліноўскага

Слабасьць нашай разгромленай за апошнія дзесяцігодзьдзі гістарычнай навукі праявілася ў тым, што за больш як трыццаць гадоў, якія прайшлі з моманту знаходкі «літоўскага» нумару «Мужыцкай праўды», не былі праведзеныя тэксталягічная і графалягічная экспэртызы рукапісу і яго параўнаньне зь іншымі аўтографамі Кастуся Каліноўскага. Пра гэта я таксама пісаў у эсэ «Чаму Беларушчына перайшла Рубікон у 1862 годзе».

Почырк Каліноўскага адрозьніваецца ад почырку аўтара «літоўскага» нумару «Мужыцкай праўды». Літары ў Каліноўскага менш нахіленыя направа і больш круглыя, у яго іншае напісаньне прапісных літараў «j», «t» і некаторых іншых у параўнаньні з аўтарам «літоўскага» нумару.

Тым ня менш ацэнкі прафэсійнага графоляга яўна не хапала. Таму ў жніўні 2022 году я вырашыў ліквідаваць гэты прабел у нашай гістарычнай навуцы і аднёс копіі трэцяй часткі «Лістоў з-пад шыбеніцы» і старонкі «літоўскага» нумару «Мужыцкай праўды» да прафэсійнага праскага почырказнаўцы і графоляга. Ім стала псыхоляг і псыхатэрапэўт, выпускніца Карлавага ўнівэрсытэту і Праскай вышэйшай школы псыхасацыяльных дасьледаваньняў Надзя Зікмундава. Яна больш за 20 гадоў займаецца параўнаньнем рукапісаў для вызначэньня тоеснасьці аўтараў і стварэньнем іх псыхалягічных партрэтаў.

Паколькі ў Чэхіі выкарыстоўваецца лацінскі альфабэт, а беларускія тэксты ХІХ стагодзьдзя, якія нас цікавяць, таксама пісаліся лацінкай, то іх графалягічны аналіз у Чэхіі цалкам карэктны і прымальны.

Параўнаньне «Лістоў з-пад шыбеніцы» і «літоўскага» нумару «Мужыцкай праўды»

Рукапіс «літоўскага» нумару падчас экспэртызы атрымаў нумар адзін, а «Лісты з-пад шыбеніцы» — нумар два.

Графоляг вывучыла розныя формы пісьмовых літараў, націску, пачаткі і заканчэньні словаў, формы падрадковых і надрадковых элемэнтаў пісьма ды іншыя парамэтры почырку абодвух рукапісаў. (Такія ацэнкі графолягаў часта выкарыстоўваюцца ў крыміналістыцы.)

У прыватнасьці, Надзя Зікмундава зьвярнула ўвагу, што аўтар «Лістоў» выкарыстоўвае як пісьмовыя формы літараў, так і друкаваныя, што вельмі індывідуальна і не характэрна для ХІХ стагодзьдзя.

«Мэтай графалягічнага разбору зьяўляецца адказ на пытаньне, ці належаць абодва тэксты таму самаму аўтару...

Апісаньне рукапісу 1, аўтар невядомы, рукапіс спрэчны:

  • шырокае, рэгулярнае левае поле;
  • літары злучаныя, маленькія;
  • націск пісьма роўны, хутчэй слабы;
  • тэндэнцыя радкоў роўная, дзяленьне на абзацы;
  • рукапіс гарманічны, велічыня асобных зон выраўнаная;
  • старанна выпісаныя ніжнія петлі, формы літараў толькі пісьмовыя;
  • усечаныя канцавыя штрыхі літараў «і», «о»;
  • канцавыя штрыхі літараў «D», «d» закручаныя.


Апісаньне рукапісу 2, аўтар вядомы, рукапіс для параўнаньня:

  • вузкае нерэгулярнае левае поле;
  • літары ня злучаныя, вялікія;
  • перавага сярэдняй паласы пісьма;
  • націск няроўны, моцны;
  • тэндэнцыя радкоў роўная, месцамі прарывы ўніз пад уяўную лінію;
  • дзяленьне на абзацы;
  • выкарыстаньне камбінацыі пісьмовых і друкаваных літар;
  • зьменлівыя ніжнія петлі;
  • усечаныя канцавыя формы літараў «і», «о»;
  • літары «D», «d» зьлёгку закручаныя.


Заключэньне:

Гаворка ідзе пра тэксты на замежнай мове, якія паходзяць з ХІХ стагодзьдзя, таму цяжка вызначыць школьны стандарт, паводле якога аўтар ці аўтары вучыліся пісаць, і зрабіць выснову, наколькі яны таго стандарту трымаюцца ці, наадварот, не трымаюцца.

Рукапіс вядомага аўтара выкарыстоўвае камбінацыю пісьмовых і друкаваных літараў, што арыгінальна. Гэта азначае, што аўтар мадыфікаваў школьны стандарт пад сябе.

Можна меркаваць, што аўтар спрэчнага тэксту імкнецца прытрымлівацца школьнага стандарту.

Рукапісы адрозьніваюцца націскам пісьма і памерамі літараў. Пісьмо спрэчнага рукапісу расслабленае, неразрыўнае. Памер літараў, націск і расслабленасьць пераважна аўтаматызаваныя.

У рукапісах таксама можна знайсьці падобныя знакі, напрыклад, усечаныя канцавыя штрыхі літараў «і», «о». Некаторыя формы літараў падобныя.

З вышэйпададзеных прычын мяркую, што тут няма гаворкі пра аднаго і таго ж аўтара абодвух разгледжаных тэкстаў».

Такім чынам, Кастусь Каліноўскі не пісаў тэксту пра тое, што «Зямля наша зь вякоў вечных называецца літоўская, а мы то называемся Літоўцы».

Гэта пацьвярджае маю думку пра Рубікон, які Беларушчына перайшла ў кастрычніку 1862 году.

Псыхалягічная характарыстыка аўтара «Лістоў з-пад шыбеніцы»

Многія графолягі зьяўляюцца таксама прафэсійнымі псыхолягамі, якія, грунтуючыся на аналізе рукапісаў і зусім ня ведаючы аўтараў, спрабуюць складаць іх псыхалягічны партрэт. Гэтая частка іх працы, у адрозьненьне ад почырказнаўства (або графааналізу), ня ўсімі ў сьвеце прызнаецца навуковаю. Таму, пасьля таго як Надзя Зікмундава вызначыла рознасьць почыркаў, я ўсё ж папрасіў яе даць і псыхалягічныя характарыстыкі аўтараў абодвух рукапісаў, каб параўнаць складзены ёй партрэт Каліноўскага з тым, што мы дакладна ведаем пра яго.

Створаныя графолягам партрэты мяне надзвычай уразілі. У памяці адразу ўзьніклі імёны вядомых сучасных беларускіх і замежных палітыкаў.

Паводле Надзі Зікмундавай, трэцюю частку «Лістоў з-пад шыбеніцы» пісаў чалавек вельмі рашучы, валявы, сьмелы, здольны на адстойваньне сваёй пазыцыі і на ламаньне стэрэатыпаў, якое выяўляецца ў адступленьні ад чыста рукапіснага характару тэксту ў бок пэўнай формы друкаваных літар, якія ў Чэхіі называюцца skripty. Аўтар «Лістоў...», паводле графоляга, здольны ісьці да канца.

Вось яго псыхалягічны партрэт у перакладзе з чэскай мовы:

«Аркадападобнае злучэньне літар азначае, што аўтар трымаўся шляхетна, захоўваў дыстанцыю і ня быў вельмі адкрыты для новых уражаньняў. Ён ствараў свае ўласныя стандарты ў ацэнцы навакольнага сьвету і звычайна быў даволі старонны ў меркаваньнях. Ён вытрываў даволі значную псыхічную і фізычную нагрузку, не выяўляючы пры гэтым прыкмет разладу.

Памер літараў адлюстроўвае ўяўленьне пра сябе, пра сваю ролю ў сьвеце. Ён лічыў, што мае права патрабаваць для сябе вялікай прасторы для доказу сваёй рацыі незвычайнымі ўчынкамі і, як выглядае, быў у гэтым аж непрыемна настойлівы.

Ён не любіў падладжвацца да аўтарытэтаў, што, улічваючы ўзрост аўтара, можа быць патрэбай вызначыць сябе ў адносінах да навакольнага сьвету і пэўнай формай свавольнасьці. Ён меў патрэбу ў незалежнасьці, свабодзе і хацеў быць сам сабе гаспадаром.

Націск пісьма сьведчыць пра высокую ступень жыцьцяздольнасьці, зьяўляецца праявай псыхічнай устойлівасьці чалавека, якога зьнянацку нічым не агаломшыш. Ён без праблем адольваў перашкоды. Нязлучанае пісьмо ёсьць праявай інтуіцыйнага складанага мысьленьня. Гаворка пра імгненныя азарэньні ды ідэі, якія ня маюць патрэбы ў кантэксьце. Яму ня надта добра працавалася ў калектыве, ён быў індывідуалістам, здольным да самастойнай працы, прыроджаным лідэрам. Яго недахопам магла быць жорсткасьць пры ажыцьцяўленьні сваіх намераў. Ён, верагодна, быў звыклы вырашаць праблемы сілай».

Вось так з глыбіні часу, амаль праз 160 гадоў, паўстае для нас постаць і характар кіраўніка Часовага правінцыйнага ўраду Літвы і Беларусі і «Чырвонага жонду», заснавальніка мадэрнай беларускай нацыі Кастуся Каліноўскага.

Мы наяве бачым, што людзі зь лідэрскімі якасьцямі бяз розьніцы іх палітычных арыентацый валодаюць шмат у чым падобнымі характарамі. Але ёсьць і адрозьненьні. Пасьля таго як графоляг дала свае заключэньні, я расказаў ёй пра Кастуся Каліноўскага і ягоны лёс. Праз два дні яна пазваніла і сказала, што зноў паглядзела рукапіс трэцяй часткі «Лістоў з-пад шыбеніцы» і параўнала псыхатып Каліноўскага зь вядомымі дзяржаўнымі лідэрамі ХХ–ХХІ стагодзьдзяў, у тым ліку з Гітлерам, Пуціным і Лукашэнкам. Ключавое адрозьненьне Каліноўскага ад згаданых асоб, паводле Надзі Зікмундавай, палягае ў адсутнасьці пачуцьця помсты. Яна лічыць, што, нягледзячы на раньнюю страту маці, ён не адчуваў сябе пакрыўджаным лёсам, ня меў у дзяцінстве праблем з аднагодкамі, захоўваў шляхетнасьць, падабаўся жанчынам і быў адданы ня ўласнаму «я», але сваім ідэям, якія лічыў карыснымі для грамадзтва.

Псыхалягічная характарыстыка аўтара «літоўскага» нумару «Мужыцкай праўды»

Чалавек, які пісаў прапанаваныя для экспэртызы старонкі «літоўскага» нумару «Мужыцкай праўды», паводле графоляга, быў старэйшы за аўтара «Лістоў з-пад шыбеніцы», больш асьцярожны, дыпляматычны і не любіў рызыкаваць.

Вось яго псыхалягічны партрэт у перакладзе з чэскай мовы:

«Гарманічна разьвіты почырк з малым вэртыкальным дыяпазонам літар сьведчыць пра ўстойлівую, сьпелую, гарманічна разьвітую асобу. Аўтар быў разважлівы і практычны, пазбаўлены ўяўленьня, асьцярожны. Ён баяўся рызыкі і не дазваляў сабе аддацца эмоцыям. У сваёй прафэсіі ён, відаць, быў акуратны і дакладны, добры назіральнік, заўважаў нават дробязі. Не перашкаджала яму прыземленасьць і штодзённасьць, наадварот, ён зь недаверам ставіўся да ўсяго новага, што выходзіла за рамкі агульнапрынятага. Злучанасьць пісьма сьведчыць на рацыянальным узроўні пра здольнасьць думаць кантэкстуальна і лягічна.

Хоць графалягічны мэтад не дазваляе вызначыць узрост аўтара тэксту, можна меркаваць, што ён быў чалавекам сярэдніх гадоў».

Да гэтага графоляг дадала, што аўтар рукапісу «літоўскага» нумару быў паважаны ў сваім атачэньні і мог аказваць стрымальнае ўзьдзеяньне на аўтара «Лістоў з-пад шыбеніцы», калі б яны былі знаёмыя.

Мне ж застаецца дадаць, што ў рэдакцыі «Мужыцкай праўды» значна старэйшымі за Кастуся Каліноўскага былі Станіслаў Сангін і Францішак Юндзіл — першы на дваццаць гадоў, другі на трынаццаць. Абодва ў 1863 годзе ўзначалілі паўстанцкія аддзелы. Сангін у лютым 1863 году загінуў у баі з царскімі войскамі ў родных ваколіцах Рэчыцы. Юндзіл у якасьці начальніка Слонімскага павету ўдзельнічаў у бітве пад Мілавідамі, у 1865-м памёр ад сухотаў у Парыжы.

Яны, на маю думку, і зьяўляюцца верагоднымі кандыдатамі на аўтарства «літоўскага» выпуску «Мужыцкай праўды».

Але маглі гэта быць і іншыя людзі. Пра што сьведчыць яшчэ адно заключэньне графоляга, аб якім мова пойдзе далей.

Аўтарства дакумэнтаў, нядаўна знойдзеных Алесем Смаленчуком

Прызначанага на 16 жніўня прыёму ў графоляга я чакаў тыдзень.

Так сталася, што за дзень да гэтага гісторык Алесь Смалянчук апублікаваў старонкі яшчэ двух беларускіх тэкстаў ХІХ стагодзьдзя – «Каімшчыны на Літве і Белайрусі» і рукапісу бяз назвы, які зьяўляецца чарнавіком звароту да папы Рымскага з апісаньнем перасьледу і пакутаў Уніяцкай царквы. Гэтыя тэксты былі знойдзеныя разам з асабістымі рэчамі Кастуся Каліноўскага, а значыць, маглі паходзіць зь яго асабістага архіву ці з архіву рэдакцыі «Мужыцкай праўды». Іх я таксама захапіў з сабой да графоляга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта скарб, бо там і яго асабістыя рэчы». Даведаліся больш пра новыя знаходкі Каліноўскага ў Вільні, зь якімі не працавалі дасьледчыкі

Разам з трэцяй часткай «Лістоў з-пад шыбеніцы» і старонкай «літоўскага» нумару «Мужыцкай праўды» рукапісаў для аналізу, такім чынам, было чатыры.

Графоляг пасьля вывучэньня рукапісаў вызначыла ў сваім заключэньні, што ўсе чатыры дакумэнты напісаныя (увага!) рознымі асобамі.

«Дадатковае тлумачэньне да тэкстаў, пазначаных № 3 і 4

- тэкст, пазначаны №3, пісаны павольна з старанна выпрацаванай формай почырку, з гэтага выцякае, што гаворка, праўдападобна, пра перапісаны, неспантанны тэкст.

- тэкст, пазначаны №4, праўдападобна ўяўляе сабою нейкі канспэкт, магчыма, пісаны ў некалькіх этапах з увагі на варыяцыйнасьць формаў, у цэлым крыху няўстойлівы почырк з гледзішча нахілу і памеру літар.

Магу канстатаваць, што тэксты 1, 2, 3, 4 належаць чатыром розным аўтарам».

У вусным камэнтары графоляг зноў падкрэсьліла, што рукапіс «Каімшчыны на Літве і Белайрусі», хутчэй за ўсё, зьяўляецца варыянтам тэксту, створанага раней іншай асобай, а пасьля начыста перапісанага сакратаром ці пісарам, але гэта не абавязкова так.

Мае высновы

Надзвычай важныя заключэньні графоляга паказваюць на тое, што вакол Кастуся Каліноўскага існавала цэлае кола беларускамоўных аўтараў.

І гэта былі не пісьменьнікі ці паэты, якія займаліся выключна мастацкай творчасьцю. Гэта былі ўдзельнікі падпольнай палітычнай арганізацыі, якая ставіла перад сабой палітычныя мэты. Яны пісалі агітацыйныя праклямацыі і палітычныя тэксты, у адным зь якіх сьцьвярджалася: «Масква перасьледуе мову польскую, беларускую, маларускую, літоўскую і навязвае маскоўскую; мы хочам, каб кожная мова разьвівалася паводле ўласнай жыцьцяздольнасьці: і літоўская, і беларуская, і маларуская, і польская» , а іх паролем быў знакаміты дыялёг: «Каго любіш? — Люблю Беларусь! — То ўзаемна!».

Вынікі графалягічнай экспэртызы пацьвярджаюць маю ранейшую выснову аб тым, што група Каліноўскага сапраўды стаяла ля вытокаў беларускай нацыянальнай палітычнай гісторыі.

Дзяржаве Беларусі было наканавана ўзьнікнуць толькі праз паўстагодзьдзя. Але ідэя Беларусі — як нацыянальнага арганізму і асобнай краіны пад такой назвай, — палітычна нарадзілася менавіта падчас паўстаньня 1863–1864 гадоў.

Кожны беларус павінен гэта ведаць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Кніга «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі» для вольнага чытаньня і пампаваньня