Міністры замежных спраў краін ЭЗ зьбіраюцца дамовіцца аб прыпыненьні пагадненьня аб спрошчаным рэжыме выдачы віз для расейцаў, піша Financial Times са спасылкай на афіцыйных асоб, якія бяруць удзел у перамовах.
Неафіцыйная сустрэча міністраў, дзе можа быць прынятае такое рашэньне, павінна прайсьці 30 і 31 жніўня ў Празе. Раней Чэхія, якая цяпер старшынюе ў ЭЗ, прапанавала прыпыніць дзеяньне пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму для грамадзян Расеі і Беларусі.
Для расіян прыпыненьне будзе азначаць павышэньне кошту пошліны за разгляд дакумэнтаў для атрыманьня шэнгенскай візы (консульскі збор за афармленьне візы павялічыцца з 35 да 80 эўра), запатрабуе большы пакет дакумэнтаў і павялічыць час чаканьня. Невядома пакуль, ці будзе такая ж прапанова ўнесеная і адносна беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грузінская апазыцыйная партыя прапанавала ўвесьці візы для беларусаўЧастка гэтай дамовы для чальцоў афіцыйных дэлегацый ужо была прыпыненая ў канцы лютага.
Гэта кампрамісны варыянт для ўладаў дзяржаў, якія выступаюць супраць абмежаваньняў на паездкі расейцаў і беларусаў у Эўропу, і тых, хто патрабуе закрыць уезд у краіны шэнгенскай зоны зусім.
Адна з крыніц FT не выключае, што забарона на паездкі прасунецца далей, чым адмова ад пагадненьня аб спрошчаным рэжыме, і больш сур'ёзныя меры будуць прыняты да канца году.
«Мы знаходзімся ў выключнай сытуацыі, і яна патрабуе выключных мер. Мы хочам пайсьці далей, чым адмова ад спрошчанай выдачы віз», – заявіў эўрапейскі чыноўнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўропе спрачаюцца пра візы для расейцаў і беларусаў. Кампрамісам можа стаць павышэньне цэнаў з 35 да 80 эўраАднак няма адзінага меркаваньня аб дадатковых мерах, якія мог бы прыняць Брусэль, або аб скарачэньні колькасьці віз ЭЗ, якія выдаюцца расіянам, або аб поўным спыненьні іх выдачы, а таксама аб такіх прапановах, як распаўсюджваньне якой-небудзь забароны на грамадзян Беларусі.
- Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну шэраг краін ЭЗ спынілі або абмежавалі выдачу віз расейцам. Такія меры ўжо прынялі Эстонія, Латвія, Літва і Чэхія. Фінляндыя плянуе далучыцца да іх у верасьні, разглядае такую магчымасьць і Польшча. Данія настойвае на прыняцьці агульнаэўрапейскага рашэньня па візах для расіян. Гэтыя краіны таксама выступаюць за поўную забарону на выдачу турыстычных шэнгенскіх віз расейцам. У той жа час некаторыя краіны ЭЗ не падтрымліваюць гэтую ідэю, сярод іх – Нямеччына, Грэцыя, Вугоршчына і Партугалія. Ідэю забараніць выдачу віз расіянам не падтрымаў і вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль.