«Мы калісьці з Пуціным у Піцеры заявілі, што пераабсталюем і беларускія самалёты Су-24 для таго, каб яны маглі несьці атамную зброю. Вы што, думаеце, мы языком ляпаем? Усё гатова», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Праўда, пазьней БелТА прыбрала з тэксту лічбу 24 і пакінула толькі «самалёты Су». У паведамленьні прэс-службы Лукашэнкі ў адпаведнай цытаце напісана толькі «самалёты Су». Відэа выступу Лукашэнкі няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў Шольца «пацаном» і заявіў аб гатоўнасьці беларускіх самалётаў несьці атамныя зарадыБамбавікі Су-24 былі выведзеныя са складу Ўзброеных сіл Беларусі яшчэ ў 2011 годзе.
«У авіяцыі ёсьць такое паняцьце — лётны рэсурс, — казаў тады міністар абароны Беларусі Юры Жадобін, — Самалёты былі ўжо ня першай сьвежасьці. Калі мы падлічылі, што ж таньней, то прыйшлі да высновы, што прасьцей адмовіцца ад парку гэтых самалётаў, паколькі гэта цягнула вельмі вялікую фінансавую нагрузку».
Два месяцы таму Лукашэнка і Пуцін сапраўды абмяркоўвалі пераабсталяваньне самалётаў на сустрэчы ў Пецярбургу. Толькі гаворка ішла, мяркуючы па паведамленьні на сайце Крамля, пра Су-35. Лукашэнка тады сказаў: «Дапамажыце нам хаця б прыстасаваць нашы самалёты, якія ў нас ёсьць, Су-35, па-мойму, якія могуць несьці ядзерныя зарады». Пуцін прапанаваў «даабсталяваць» у Расеі беларускую групоўку савецкіх штурмавікоў Су-25.
Су-24 — франтавы бамбавік, распрацаваны ў 1960-х. Су-35 — шматфункцыянальны зьнішчальнік, які зьявіўся ў расейскім войску пасьля 2008 году. Абодва самалёты могуць несьці ракеты зь атамнай боегалоўкай. Су-25, які згадаў Пуцін, ніколі не выкарыстоўваўся ў якасьці носьбіта атамнай зброі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь заявіла ў ААН, што не зьбіраецца адмаўляцца ад бязьядзернага статусу, хоць у Канстытуцыі зьнікла згадка пра гэта ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі Лукашэнка верне ядзерную зброю ў Беларусь? Меркаваньне Юрыя Дракахруста