МЗС Украіны выклікала апостальскага нунцыя за рэакцыю Папы Рымскага на сьмерць Дар’і Дугінай

Папа Рымскі Францішак

Міністэрства замежных спраў Украіны запрасіла апостальскага нунцыя ва Ўкраіне арцыбіскупа Вісвальдаса Кульбокаса і заявіла яму пра «глыбокае расчараваньне» словамі папы Францішка пра загінулую на тэрыторыі РФ расейскую журналістку і палітоляга Дар’ю Дугіну.

«Вісвальдасу Кульбокасу было падкрэсьлена, што ва Ўкраіне глыбока расчараваныя словамі пантыфіка, якія несправядліва прыраўноўваюць агрэсара і ахвяру. Пры гэтым выклікае неразуменьне рашэньне папы Францішка згадаць у кантэксьце расейска-ўкраінскай вайны сьмерць расейскай грамадзянкі на тэрыторыі Расеі, да якой Украіна ня мае ніякага дачыненьня», — гаворыцца ў заяве МЗС Украіны.

У ёй адзначаецца, што з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну «пантыфік ні разу не ўдзяліў асаблівай увагі канкрэтным ахвярам вайны, сярод якіх ужо 376 украінскіх дзяцей, якія загінулі ад рук расейскіх акупантаў».

У МЗС Украіны выказалі надзею, што «ў далейшым Сьвяты Прастол будзе пазьбягаць несправядлівых выказваньняў, якія выклікаюць расчараваньне ва ўкраінскім грамадзтве».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Патрыярх РПЦ Кірыл скасаваў сваю сустрэчу з Папам Рымскім, на якой той хацеў дамагацца міру ва Ўкраіне

24 жніўня папа Рымскі Францішак падчас усеагульнай аўдыенцыі ў Дзень Незалежнасьці Ўкраіны ўзгадаў у кантэксьце расейска-ўкраінскай вайны гібель дачкі аднаго з ідэолягаў «русского мира» Аляксандра Дугіна Дарʼі Дугінай. Пантыфік сказаў наступнае:

«Маю на ўвазе няшчасную дзяўчыну, якая ўзьляцела ў паветра ў Маскве ад бомбы, закладзенай пад сядзеньнем аўтамабіля. За вайну плацяць невінаватыя, невінаватыя! Давайце задумаемся над гэтай рэчаіснасьцю і скажам адзін аднаму: вайна — гэта варʼяцтва».

Увечары 20 жніўня ў расейскім Падмаскоўі ўзарваўся аўтамабіль дачкі расейскага філёзафа Аляксандра Дугіна Дарʼі Дугінай. Жанчына загінула на месцы, ёй было 30 гадоў.

Паводле адной з вэрсій, у аўтамабілі меўся ехаць сам Дугін, але ў апошні момант перасеў у іншую машыну. Расейскія праваахоўнікі мяркуюць, што гэта быў замах на забойства, ФСБ абвінаваціла ў гэтым Украіну і хутка знайшла нібыта падазраваную. Афіцыйны Кіеў заявіў, што ня мае дачыненьня да інцыдэнту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Масквой узарваўся аўтамабіль расейскай прапагандысткі — дачкі ідэоляга «русского мира» Дугіна
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны тэхналягічна скляпалі вэрсію з загадзя нарыхтаваных элемэнтаў». Аб «раскрытым» забойстве Дар’і Дугінай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дугін уцякаў ад прыхільнікаў БНФ, а дачка сябравала з Азаронкам. Што зьвязвае Аляксандра і Дар’ю Дугіных зь Беларусьсю