Непрызнаная Менскам дзяржава хоча ў саюз Беларусі і Расеі

Аслан Бжанія

Абхазія гатовая далучыцца да саюзнай дзяржавы Расеі, Беларусі і іншых краінаў, якая можа быць створана пасьля вайны ва Ўкраіне

Пра гэта прэзыдэнт самаабвешчанай рэспублікі Абхазія Аслан Бжанія заявіў у эфіры «Салаўёў LIVE».

Бжанія сказаў, што «ідэя саюзнай дзяржавы блізкая народу Абхазіі» і яна «адпавядае яе нацыянальным інтарэсам».

Акрамя таго, паводле словаў Бжанія, Абхазіі неабходны «трывалы саюз з Расейскай Фэдэрацыяй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэйман ад імя Лукашэнкі езьдзіў на сустрэчу да прэзыдэнта самаабвешчанай Абхазіі

«Відавочна, што аднапалярны сьвет абрынуўся. Пасьля таго, як Расейская Фэдэрацыя (я ў гэтым упэўнены) пасьпяхова завершыць спэцыяльную апэрацыю на тэрыторыі Ўкраіны, будзе зусім іншая рэальнасьць. Для кіраўніцтва, народу Расеі будзе відавочна, хто зьяўляецца сапраўднымі саюзьнікамі, хто ў гэты цяжкі час быў па-сапраўднаму побач, і зыходзячы з гэтых фактаў, відаць, будзе стварацца нейкі контур саюзнай дзяржавы. Мы на гэта разьлічваем, і мы гатовыя ў гэтым узяць удзел», — сказаў ён.

Пры гэтым Бжанія дадаў, што ў Абхазіі няма афіцыйных кантактаў з кіраўніцтвам Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саакашвілі заявіў, што таемна сустракаўся з Лукашэнкам у Лёндане, каб той не прызнаў Абхазію

«Але на ўзроўні грамадзян такія кантакты маюць месца быць. Апошнім часам беларускі бізнэс пачаў праяўляць цікавасьць да Абхазіі. Думаю, што бліжэйшым часам мы запусьцім вельмі цікавы сумесны беларуска-абхаскі эканамічны праект», — сказаў ён.

  • Раней Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што не выключае прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Паводле яго слоў, як толькі ён зразумее неабходнасьць гэтага кроку і пра гэта яму скажа прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін, тады гэта можа адбыцца.
  • Прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў пасьля гэтага сказаў, што Крэмль ня будзе пасылаць якія-небудзь сыгналы Аляксандру Лукашэнку аб прызнаньні незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, а таксама Крыму як расейскага рэгіёна.
  • У жніўні 2021 году Лукашэнка расказаў, чаму не прызнаў Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. Паводле яго слоў, Захад пагражаў Менску дадатковымі санкцыямі ў выпадку прызнаньня незалежнасьці гэтых самаабвешчаных рэспублік, Масква ж адмовілася кампэнсаваць эканамічныя страты. Пры гэтым Лукашэнка назваў «нядобрым фактам», калі «Асэтыю адарвалі ад Грузіі».