Амэрыканскі Starlink і кітайскія дроны. Як беларусы стварылі ва Ўкраіне падразьдзяленьне, якога няма ў Мінабароны РБ

Беларуская група аэравыведкі

21 жніўня беларускі полк «Пагоня» паведаміў, што яго байцы накіраваліся ў зону баявых дзеяньняў, дзе будуць займацца аэравыведкай. Свабода даведалася падрабязнасьці таго, як менавіта беларусы ваююць ва Ўкраіне з дапамогай бесьпілётнікаў і чаму такая дапамога зараз вельмі патрэбная ўкраінцам.

Раней беларусы з палку «Пагоня» праходзілі падрыхтоўку на тэрыторыі Польшчы і Чэхіі. Адзін з куратараў групы Кірыл Якімовіч расказаў Свабодзе падрабязнасьці.

Прыведзеная ў артыкуле інфармацыя пра склад, абсталяваньне і тактыку баявых атрадаў ЗСУ не сакрэтная, яна прадстаўлена ў адкрытых крыніцах.

Група аэравыведкі, якую беларусы накіравалі ва Ўкраіну, складаецца з трох асобных крылаў. Гэта дзьве баявыя групы, а таксама група падтрымкі. У кожнае з баявых крылаў уваходзяць чатыры чалавекі. Крыло можа працаваць аўтаномна, яно цалкам забясьпечанае ўсім неабходным для бесьперапыннага дзяжурства. Два крылы могуць праводзіць бесьперапынную баявую працу на працягу некалькіх дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байцы авіявыведкі беларускага палка «Пагоня» прыступілі да службы ва Ўзброеных сілах Украіны

«Самы галоўны элемэнт нашай групы — яе камандзір, — расказвае Кірыл Якімовіч. — Чалавек, вакол якога фармавалася ўся група. Гэта былы афіцэр Сіл спэцыяльных апэрацый УС Беларусі. Чалавек, які разумее, што такое выведка, што такое сучаснае войска. Некалькі чалавек з групы таксама служылі ў Сілах спэцыяльных апэрацый у Беларусі. Некаторыя маюць баявы досьвед, бо ўдзельнічалі ў баях ва Ўкраіне. Некалькі былых каліноўцаў ёсьць. Адзін зь іх — Ціхан Клюкач».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне няма чаго баяцца — пасьля ўсяго, праз што я ўжо прайшоў». Былы палітвязень Ціхан Клюкач далучыўся да палку «Пагоня»

«Мы добра разумеем, што робім»

Па словах Кірыла Якімовіча, арганізаваць групы аэравыведкі было вырашана праз запатрабаванасьць такіх спэцыялістаў на фронце падчас сучаснай вайны. Нястачы добраахвотнікаў ва ўкраінскай арміі цяпер няма, часам людзі нават даюць хабар, каб трапіць у шэрагі ЗСУ, кажа Якімовіч. А вось такіх адносна вузкіх і добра падрыхтаваных спэцыялістаў на фронце бракуе.

«У нашай праскай арганізацыі двое з заснавальнікаў — гэта людзі, зьвязаныя з дронамі, — кажа Якімовіч. — Год таму цягнуўся карантын, мне трэба было нечым заняцца, не было ясна, ці застануся ў турызьме. Я тады скончыў курсы апэратара прамысловых дронаў. Таксама крыху ў гэтым разумею. Яшчэ адзін чалец нашай каманды, украінец, — навуковец, які працуе ў сфэры штучнага інтэлекту і яго выкарыстаньня падчас працы з дронамі. Гэтая тэма нам блізкая, і мы добра разумеем, што робім».

Якімовіч дадае, што група доўга кансультавалася зь дзейнымі камандзірамі Ўзброеных сіл Украіны пра тое, якая дапамога патрэбная цяпер найбольш. Узялі пад увагу і меркаваньні афіцэраў палку «Пагоня».

«Наша дапамога павінна быць максымальна эфэктыўная, — кажа Кірыл. — Для Ўкраіны зараз 300, 500, нават 1000 чалавек пяхоты, нават добра матываваных, — гэта кропля ў моры. Усе мы разумеем, колькі ўкраінцаў чакаюць магчымасьці змагацца на фронце. Але вузкіх спэцыялістаў не хапае».

Кірыл Якімовіч кажа, што беларусаў рыхтавалі ў тым ліку і байцы арганізацыі «Аеророзвідка», якая была створаная ва Украіне пасьля 2014 году. Яны мелі вялікі досьвед, атрыманы падчас рэальных баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны. На жаль, расказвае Якімовіч, група, якая мела шэфства над беларускім атрадам, трапіла пад артабстрэл, жывым зь яе застаўся адзін чалавек, цяпер ён у коме.

«Калі пачалі размаўляць з украінскімі вайскоўцамі, то стала ясна, што выведка мае сэнс, калі гэта ўсё ў сувязі з агнявымі сродкамі, — кажа Якімовіч. — Каб яны маглі ўдарыць у патрэбны момант. Бо ўбачыць нешта — гэта адно. А навесьці і скарэктаваць агонь — зусім іншае. І трэцяе — калі ты сам можаш нанесьці нейкую паразу выяўленым цэлям, калі яны адэкватныя тваім уласным магчымасьцям».

Як працуе група беларускай аэравыведкі

Кожная з груп аэравыведкі, акрамя непасрэдна камандзіра групы і дваіх апэратараў дрона, мае ў сваім складзе прыкрыцьцё ў выглядзе кулямётчыка. Апэратары працуюць адначасова: адзін кіруе дронам, другі ў гэты час адсочвае месцазнаходжаньне дрона на мапе і кіруе дзеяньнямі пілёта.

Радыюс дзеяньняў групы абмежаваны магчымасьцямі дронаў — гэта каля 5–10 кілямэтраў. Упэўненая праца адбываецца ў радыюсе 5 км. Група разьмяшчаецца за перадавой лініяй войскаў на схаваных пазыцыях. Байцы маюць крыніцы бесьперабойнай электраэнэргіі для сілкаваньня дронаў і іншага абсталяваньня, у тым ліку перадатчыкаў Starlink. Для падстрахоўкі выкарыстоўваюць сыстэмы з сонечных панэляў. Кожная з груп мае свой транспарт — пазадарожныя пікапы.

Пасьля выяўленьня цэляў каардынаты тут жа перадаюцца вайскоўцам адпаведных падразьдзяленьняў, якія ўжо вырашаюць — зьнішчыць іх ці зрабіць што іншае, зыходзячы з канкрэтнай сытуацыі. Трое з чатырох чальцоў групы валодаюць навыкамі кіраваньня дронамі і могуць замяняць адзін аднаго.

Некаторыя цэлі беларусы могуць зьнішчаць і самі — на дрон пры неабходнасьці мантуюцца прылады для скідання боепрыпасаў. Ёсьць і іншыя сродкі агнявога паражэньня. Для палётаў выкарыстоўваюцца камэрцыйныя мадэлі дронаў Dji Mavic 3, якія можна купіць у адкрытым продажы. Іх магчымасьцяў цалкам дастаткова для тактычнай аэравыведкі. Цяпер зьбіраюць сродкі на дроны з тэрмакамэрамі, якія пашыраць магчымасьці атраду.

Акрамя дронаў, у выведцы выкарыстоўваюцца і «наземныя» прыборы назіраньня — біноклі, дальнамеры, цеплавізары. Удзельнікі групы ўмеюць карэктаваць артылерыйскі агонь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Матывацыя ў нас адна — абрыдла жыць пры дыктатуры». Беларусы выпраўляюцца ва Ўкраіну са сваёй аэравыведкай

«Мы можам перадаваць у штаб нават карцінку 4К»

Па словах Кірыла Якімовіча, беларускія групы аэравыведкі працуюць з дапамогай абсталяваньня амэрыканскай кампаніі Starlink. Усе іншыя сродкі сувязі, у тым ліку мабільнай, часта проста глушацца варожым бокам. Спосабаў заглушыць Starlink Ілана Маска ў расейцаў няма.

«Гэта невялікі адносна камплект абсталяваньня, які зьмяшчаецца ў заплечнік, — расказвае Кірыл. — І ты зь яго дапамогай можаш ня толькі перадаваць нейкія кароткія дадзеныя, каардынаты, ты можаш Full HD карцінку перадаваць у штаб, 4К нават (Full HD і 4К — клясы якасьці выявы відэа, 4К на дадзены момант — адзін з найлепшых. — РС). Да таго ж украінская армія мае сваю ўласную баявую сыстэму кіраваньня, якая называецца „Крапіва“. Гэта адмысловае праграмнае забесьпячэньне, якое дазваляе каардынаваць дзеяньні выведкі і іншых родаў войскаў, той жа артылерыі. Усё гэта адбываецца ў рэальным часе».

Кірыл кажа, што доступ да ўкраінскай сыстэмы і магчымасьць карыстацца абсталяваньнем кампаніі Ілана Маска дазваляюць нават звычайны камэрцыйны дрон ператварыць у вельмі небясьпечную зброю.

«Нашы групы ўжо ўдзельнічаюць у баявых дзеяньнях і дэманструюць гэта, — расказвае Кірыл. — Падчас аднаго з баёў беларусы дапамаглі адбіць наступ ротнай тактычнай групы рускіх. Камандзір адной з украінскіх адзінак пасьля напісаў, што два чалавекі з дронам кардынальна паўплывалі на вынікі бою. Зразумела, што працавалі там і байцы, і выведка. Але магчымасьць навесьці артылерыю была вельмі важная».

«Узровень выкарыстаньня дронаў у Беларусі ня вельмі высокі»

Па словах Кірыла Якімовіча, падобныя групы аэравыведкі тэарэтычна існуюць і ў расейскай арміі. Часткова неабходнае для гэтага абсталяваньне ёсьць у сучасных камплектах «Ратнік», якія пачалі прымаць на ўзбраеньне расейцы. Расейцы таксама маюць невялікія групы для вядзеньня выведкі, іх дакладна выкарыстоўваюць у сілах спэцыяльных апэрацый. Аднак складана сказаць, якія менавіта сродкі сувязі выкарыстоўваюць расейцы на фронце. Доступу да Starlink ці ўкраінскай «Крапівы» ў іх дакладна няма і ня можа быць. Нават калі яны захопяць комплексы такой сувязі, то іх хутка адключаць.

«Выкарыстоўваць дроны спрабуюць і ў беларускім войску, — кажа Кірыл Якімовіч. — Пытаньне ў тым, як менавіта. Можна мець дрон у кішэні і запусьціць яго, каб паглядзець, што там за рогам. Можна яго падымаць угару і ацэньваць абстаноўку на полі бою. Трэці ўзровень — гэта тое, што зараз актыўна выкарыстоўваецца амаль у кожным падразьдзяленьні ЗСУ, а менавіта навядзеньне і карэктаваньне агню артылерыі. Тое, чым займаемся мы, гэта ўжо чацьвёрты ўзровень — навядзеньне і карэктаваньне агню з дапамогай спадарожнікавай сувязі і баявых сыстэм кіраваньня. Вышэй толькі бесьпілётнікі ўзроўню расейскіх «Арланаў» і турэцкіх «Байрактараў».

Па словах Якімовіча, беларускае войска на дадзены момант у выкарыстаньні дронаў наўрад ці пераўзышло трэцюю ступень. Сама больш — для навядзеньня артылерыі альбо для сіл спэцыяльных апэрацый. Гэта ніжэйшы тактычны ўзровень, кажа Кірыл, — «паглядзець, што там за рогам хаты».

«Беларускія сілавікі карыстаюцца дронамі даўно, — дадае Якімовіч. — Гэта вядома па тых жа зьлівах „Кібэрпартызанаў“. Яны карыстаюцца імі ў гарадах. Цяжка сказаць, якія інвэстыцыі ў гэта цяпер робяць у Мінабароны. Але з таго, што мы ведаем, там узровень выкарыстаньня дронаў ня вельмі высокі».

Кірыл Якімовіч кажа, што зараз дзейнасьць беларускіх групаў аэравыведкі ў рэальных баявых умовах падрабязна вывучаецца. Па выніках гэтага будуць рыхтавацца новыя спэцыялісты.

«Патрэбныя менавіта вузкія спэцыялісты, — кажа Кірыл. — Да таго ж мы разумеем, што спрацоўваем і мэдыйна. Уся наша праца, якую робяць хлопцы, можа быць паказаная на відэа. Гэта важна, каб украінцы разумелі, што беларусы прыносяць карысьць. Зараз нашы хлопцы ваююць у брыгадзе імя Багуна. Там вельмі задаволеныя нашай падрыхтоўкай, матывацыяй. Вельмі ўсьцешаныя, што мы прапанавалі менавіта аэравыведку. І ня проста дзясятак хлопцаў, а падрыхтаваныя групы з поўным абсталяваньнем».