Як паведамляе Associated Press са спасылкай на кіраўніка аддзелу замежных царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату мітрапаліта Валакаламскага Антонія, патрыярх Кірыл ня будзе ўдзельнічаць у VII Зьезьдзе лідэраў сусьветных і традыцыйных рэлігій.
Кіраўнік РПЦ апраўдваў расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, называючы яго «мэтафызычнай» барацьбой з Захадам, і дабраслаўляў расейскіх вайскоўцаў перад адпраўкай на вайну ва Ўкраіну.
У ліпені Папа Рымскі Францішак пацьвердзіў пляны правесьці сустрэчы зь кіраўніком РПЦ на канфэрэнцыі ў Казахстане, і гэта была б іхная другая сустрэча.
Першая сустрэча кіраўніка РПЦ і Папы Рымскага адбылася ў 2016 годзе.
Згодна з праграмай канфэрэнцыі, якая разьмешчана на афіцыйным сайце Ватыкана, сустрэча мусіла адбыцца 13 верасьня, калі ў пантыфіка заплянаваныя прыватныя сустрэчы з рознымі рэлігійнымі лідэрамі.
Раней паведамлялася, што галоўнай тэмай зьезду стане роля рэлігійных лідэраў у духоўным і сацыяльным разьвіцьці чалавецтва ў постпандэмійны пэрыяд.
У пачатку ліпеня Папа Рымскі Францішак у інтэрвію Reuters заявіў, што ў ліпені зьбіраецца паехаць зь візытам у Канаду, а пасьля гэтага спадзяецца наведаць Кіеў і Маскву, каб спрыяць міру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Рымскі Францішак заявіў, што хоча наведаць Кіеў і Маскву, каб спрыяць міру
Ва Ўкраіне лічаць, што візыт Папы Францішка ў Кіеў умацуе ролю пантыфіка ў аднаўленьні міру на ўкраінскай зямлі, «а таксама падтрымае дух украінцаў, якія цярпяць невымоўныя пакуты ад расейскай агрэсіі», — заявілі ў МЗС Украіны.