Пра гэта піша партал «Зеркало» са спасылкай на агенцтва Reuters.
Мерапрыемства пройдзе на кортах US Open увечары сёньня, у Дзень незалежнасьці Ўкраіны. Першапачаткова плянавалася, што Азаранка возьме ўдзел у турніры, але за некалькі гадзін да старту спаборніцтва Асацыяцыя тэнісу ЗША выступіла з заявай, што беларуская тэнісістка ня выйдзе на корт.
Рашэньне было прынятае пасьля «пільнага разгляду сытуацыі і размоваў з усімі зацікаўленымі бакамі». У заяве арганізатараў адзначалася, што Вікторыя гатовая была выступаць, але ўкраінскія спартоўкі выступілі супраць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азаранка ня трапіць на турнір у Таронта праз праблемы з канадзкай візайУ прыватнасьці, украінская тэнісістка Марта Касьцюк раней заявіла, што не разумее, навошта на турнір запрасілі Азаранку.
— Ад яе не было якой-небудзь адкрытай дапамогі ў наш бок. ...Я не разумею, чаму яна гэта робіць. Бо яна ведае, што мы жадаем, каб іх не было на ніводным турніры, як у Ангельшчыне. Насуперак гэтаму яна на гэта ідзе. З намі яна нават не размаўляе, а тут проста бярэ і робіць. Я не магу зразумець чаму? — цытуе словы Касьцюк выданьне «Вялікі тэніс Украіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Глеб падпісаны на суполку «За Пуціна», Сабаленка абяцала падтрымаць Украіну, але перадумала. Чым жывуць сёньня беларускія спартсмэныРаней арганізатары брытанскага тэніснага спаборніцтва ва Ўімблдоне вырашылі не дапускаць да ўдзелу ў турніры расейскіх і беларускіх спартоўцаў. Асацыяцыя тэнісістаў-прафэсіяналаў (ATP) і Жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) гэты крок не падтрымалі.
З прычыны гэтага рашэньня Асацыяцыя тэнісістаў-прафэсіяналаў (ATP) пазбавіла Ўімблдон рэйтынгавых ачкоў, а WTA аштрафавала турнір на мільён даляраў.
Як гаварылася ў заяве ATP, магчымасьць гульцоў любой нацыянальнасьці ўдзельнічаць у турнірах пад эгідай асацыяцыі — асноўнае правіла, парушанае кіраўніцтвам Уімблдону, якое забараніла расейскім і беларускім гульцам спаборнічаць у Вялікай Брытаніі гэтым летам.