Нямеччына і Вялікая Брытанія заявілі, што гатовыя да зімы без дадатковага імпарту газу з Расеі

Дзьве найбуйнейшыя краіны Эўропы, Нямеччына і Вялікая Брытанія, назапасілі больш як 80% прыроднага газу, неабходнага на зімовы пэрыяд.

Як паведаміла Нямецкае агенцтва энэргетычных сетак (Bundesnetzagentur), на 24 жніўня газавыя сховішчы Нямеччыны запоўненыя прыродным газам на 80,65%, і гэтага аб’ёму дастаткова для забесьпячэньня краіны газам на зіму.

У ідэале энэргетычныя кампаніі Нямеччыны хацелі б да 1 кастрычніка павялічыць аб’ём запасаў да 85%, а да 1 лістапада — да 95%. Тым ня менш агенцтва папярэдзіла аб павелічэньні кошту газу і заклікае яго эканоміць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баўгарыя зьбіраецца правесьці з Расеяй перамовы аб аднаўленьні паставак газу

Нацыянальнае статыстычнае агенцтва Вялікай Брытаніі паведаміла, што ўжо ў чэрвені 2022 году краіна практычна цалкам спыніла імпарт энэрганосьбітаў з Расеі — упершыню з моманту пачатку вядзеньня адпаведнай статыстыкі ў 1997 годзе.

У 2021 годзе Вялікая Брытанія імпартавала з Расеі 4,9% ад усяго газу, якія спажываюць у краіне, і 11% — нафты. Расейскі газ краіна замясьціла пастаўкамі зь іншых краін, якія здабываюць газ.

Экспарт тавараў і сыравіны зь Вялікай Брытаніі ў Расею зь лютага 2022 году зьнізіўся на 70%, у тым ліку экспарт тэхнікі і транспартнага абсталяваньня — на 91,3%. Фактычна, Вялікая Брытанія працягвае прадаваць у Расею толькі мэдычную прадукцыю і фармацэўтычную сыравіну, якія не падпадаюць пад эканамічныя санкцыі.

Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну Вялікая Брытанія і краіны Эўразьвязу ўвялі супраць Расеі жорсткія эканамічныя санкцыі, якія прадугледжваюць паступовую адмову ад імпарту расейскіх энэрганосьбітаў.
У чэрвені Эўразьвяз упершыню ў сваёй гісторыі імпартаваў больш звадкаванага газу з ЗША, чым трубаправоднага газу з Расеі. Аднак, улічваючы маштабы імпарту газу з Расеі ў мінулыя гады, Эўропа можа сутыкнуцца з газавым крызісам, калі гэтай зімой энэрганосьбіты рэзка падаражэюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Транснафта» паведаміла аб спыненьні экспарту расейскай нафты ў Вугоршчыну, Чэхію і Славаччыну праз Украіну