Расейская кампанія заяўляе, што ня можа аплаціць транзыт з прычыны санкцыяў Эўразьвязу, а Ўкраіна аказвае паслугі транзыту расейскага паліва на ўмовах стоадсоткавай перадаплаты. «Укртранснафта» сытуацыю на момант публікацыі навіны не камэнтавала.
У чэрвені Эўразьвяз узгадніў шосты пакет санкцый супраць Расеі, якія прадугледжваюць адмову ад расейскай нафты. Аднак зь іх былі выключаныя пастаўкі па «Дружбе», бо немагчыма было хутка замяніць нафту на рынку Вугоршчыны і Славаччыны. «Транснафта» паведаміла, што аплату не ўдалося правесьці з прычыны сёмага пакету санкцый, які быў узгоднены ў ліпені.
Украіна працягвае прапампоўваць расейскія газ і нафту ў Эўропу пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ў лютым 2022 году, а Масква — аплачваць транзыт. Дзейная дамова на транзыт нафты заключана ў сьнежні 2019 году і дзейнічае да студзеня 2030 году, — зазначае «Економічна правда».