Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што для Ўкраіны вайна можа завяршыцца толькі перамогай, а не перамовамі з Расеяй аб легітымізацыі акупаваных ёй украінскіх тэрыторый.
«Мы не сядаем за стол перамоў праз страх, зь пісаталетам ля скроні. Для нас найстрашнейшае жалеза — не ракеты, самалёты, танкі, а кайданы. Не акопы, а аковы», — заявіў Уладзімір Зяленскі ў сваім відэазвароце да ўкраінцаў з нагоды Дня Незалежнасьці, які адзначаецца 24 жніўня.
Паводле яго, украінцы могуць падняць рукі ўгору толькі адзін раз, калі будуць сьвяткаваць сваю перамогу.
«Мы не гандлюем сваімі тэрыторыямі і сваімі людзьмі. Для нас Украіна — гэта ўся Ўкраіна. Усе 25 рэгіёнаў, безь якіх-небудзь саступак і кампрамісаў», — дадаў ён.
Уладзімір Зяленскі заявіў, што Ўкраіна будзе вяртаць свае тэрыторыі на Данбасе і ў Крыме, якім бы гэты шлях ня быў.
«Ня хочаце, каб вашы жаўнеры гінулі? Вызваліце нашы землі. Вось такія простыя і зразумелыя нашы ўмовы», — адзначыў кіраўнік украінскай дзяржавы.
Паводле яго, Украіна ня будзе шукаць з тэрарыстамі паразуменьня, хаця разумее расейскую мову, якую Расея прыйшла абараняць і забіла тысячы людзей, якіх яна прыйшла абараняць. І дадаў па-расейску:
«Нам нашмат больш зразумелы і блізкі Джонсан, які размаўляе па-ангельску, чым забойцы, гвалтаўнікі і марадэры, якія ўсё гэта рабілі па-расейску», — дадаў Уладзімір Зяленскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пажадаў Украіне на Дзень Незалежнасьці мірнага неба, не згадаўшы абстрэлы з тэрыторыі Беларусі. У Кіеве адказалі«Сіня-жоўты сьцяг абавязкова падымем па ўсёй Украіне»
Ва Ўкраіне 23 жніўня адзначылі Дзень Дзяржаўнага сьцяга. У Кіеве традыцыйна ў гэты дзень на тэрыторыі Нацыянальнага музэю Другой усясьветнай вайны паднялі вялікае сіня-жоўтае палотнішча. Аналягічныя цырымоніі ў гэты дзень прайшлі ў большасьці ўкраінскіх гарадоў, але масавыя сьвяточныя імпрэзы скасавалі.
Замежныя выведкі папярэджвалі, што ў гэтыя сьвяточныя ва Ўкраіне дні Расея можа нанесьці масаваны ракетны ўдар па дзяржаўных і цывільных аб’ектах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўгода ідзе вайна ва Ўкраіне. Асноўныя факты і лічбыУпершыню за гады незалежнасьці ва Ўкраіне скасавалі ўсе сьвяточныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да дзён Дзяржаўнага сьцяга і Незалежнасьці. Але ў большасьці гарадоў на галоўных плошчах адбылося ўрачыстае падняцьце дзяржаўнага сьцяга.
У Кіеве паднялі самы вялікі сьцяг. 90-мэтровая мачта была пабудаваная ў 2020 годзе адмыслова пад найбольшы ўкраінскі сьцяг — даўжынёй 24 і шырынёй 16 мэтраў. 23 жніўня ва ўрачыстай цырымоніі ўзяў удзел прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
«Мы ніколі не прызнаем чужых колераў на сваёй зямлі і ў сваім небе», — заявіў Уладзімір Зяленскі, абвяшчаючы хвіліну маўчаньня ў памяць украінскіх абаронцаў, якія загінулі за ўкраінскі сьцяг і зямлю.
Кіраўнік украінскай дзяржавы запэўніў, што ўкраінскі сьцяг абавязкова будзе падняты і на тых тэрыторыях, якія цяпер захапіла Расея, і ў раней анэксаваных Крыме, Данецкай і Луганскай абласьцях.
«Наш сьцяг вярнуўся на востраў Зьмяіны, а крэйсэр „Масква“ пайшоў па зададзеным курсе. І сёньня я хачу сказаць ня толькі пра мінуўшчыну нашага сьцяга, а і пра ягоную будучыню. Сіня-жоўты сьцяг будзе лунаць там, дзе ягоны дом, там, дзе ён мусіць быць па праве, ва ўсіх часова акупаваных гарадах і вёсках Украіны», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўгода ідзе вайна ва Ўкраіне. Асноўныя факты і лічбы
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.