Гэта чацьвёрты выпадак, калі пазбаўлены ліцэнзіі беларускі адвакат знайшоў працу ў Расеі.
«Я зноў адвакат, не ў Беларусі, а ў Расейскай Фэдэрацыі... Цяпер у Маскве ўсё пачынаецца нанова. Адно заўсёды застаецца нязьменным — прыстойнасьць, прынцыповасьць і адказнасьць. І зноў працягваецца бой», — напісаў Яўген Маслаў у сацсетках.
У верасьні 2021 году Яўгена Маслава пазбавілі ліцэнзіі адваката ў Беларусі падчас атэстацыі ў кваліфікацыйнай камісіі Міністэрства юстыцыі. Па выніках атэстацыі было прынята рашэньне аб немагчымасьці выкананьня адвакатамі бюро «Маслаў, Гашынскі і партнэры» сваіх прафэсійных абавязкаў «з прычыны недастатковай кваліфікацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ некалькіх адвакатаў пазбавілі ліцэнзійМаслаў бараніў палітвязьняў
Адвакат Яўген Маслаў вёў абарону фігурантаў справы «Белага легіёну», абараняў у судзе палітвязьня Мікалая Дзядка, быў адным з адвакатаў блогера Эдуарда Пальчыса, абаронцам падчас іншых рэзанансных спраў, абараняў адміністрацыйна затрыманых.
Маслаў стаў ужо чацьвёртым адвакатам, які атрымаў ліцэнзію ў Расеі пасьля пазбаўленьня права на прафэсію ў Беларусі. Да гэтага ў Расеі працягнулі адвакацкую практыку адвакаты Антон Гашынскі, Аляксандар Філановіч, Сяргей Іваноў.
За два гады пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году дзясяткі юрыстаў, якія былі абаронцамі ў палітычных працэсах, пазбавілі адвакацкіх ліцэнзіяў у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ 4 менскіх адвакатаў пазбавілі ліцэнзіі, сярод іх — палітвязень Віталь Брагінец