Паводле інфармацыі Delfi, у парк прыбылі будаўнікі, спэцтэхніка. Тэрыторыю аб’екта абгарадзілі. З раніцы там дзяжураць супрацоўнікі Дзяржаўнай паліцыі і Рыскай муніцыпальнай паліцыі.
Днём раней пачаліся падрыхтоўчыя работы для зносу. У адказ на пляны дэмантажу каля манумэнта сабраліся каля 50 пратэстоўцаў. Паліцыя заклікала там не зьбірацца. Акцыю цягам гадзіны разагналі. Затрымалі сем чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гранітныя сымбалі чужой імпэрыі. Чаму Латвія наважылася на дэмантаж савецкага помніка ў РызеЯк піша «Эўрапейская праўда», заяўку на правядзеньне пратэставай акцыі ў мэрыю Рыгі падавала партыя «Расейскі саюз Латвіі». Ва ўзгадненьні ёй было адмоўлена. Да ўдзельнікаў няўзгодненай акцыі каля помніка вечарам 22 жніўня падышла група моладзі са сьцягамі Латвіі і плякатам «Чамадан — вакзал — Расея», паміж імі і пратэстоўцамі час ад часу ўзьнікалі сваркі.
Паводле зьвестак «Інтэрфаксу», улады пачалі дзесяць працэсаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях — за несанкцыянаваны сход, дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне патрабаваньням паліцыі.
Паведамляецца таксама, што паветраная прастора ў раёне парку Перамогі закрыта для лятальных апаратаў і будуць спыняцца любыя спробы запуску дронаў.
- Рашэньне зьнесьці пастаўлены ў часы СССР помнік салдатам савецкага войска было прынята ў сярэдзіне траўня на пазачарговым паседжаньні Рыскай думы. Частка латвійскага грамадзтва лічыць яго адным з сымбаляў савецкай акупацыі. Значная частка расейскага насельніцтва краіны выступае супраць зносу, лічачы, што помнік увекавечвае памяць вызваліцеляў Рыгі ад нацызму.