Хроніка перасьледу 23 жніўня: новы прысуд у «справе Зельцара», яшчэ 15 сутак музыку Банцэру

Андрэй Зельцар, які застрэліў супрацоўніка КДБ, калі той у групе асоб уварваўся ў ягоны дом

У Беларусі працягваецца перасьлед праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі. Зьявіўся яшчэ адзін асуджаны ў нашумелай справе аб забойстве супрацоўніка КДБ.

Прысуд Аляксею Качанаву ў «справе Зельцара»

У Гомельскім абласным судзе адбыўся чарговы суд за камэнтары ў сацыяльных сетках пасьля гібелі ў менскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і ІТ-спэцыяліста Андрэя Зельцара, піша «Вясна».

Судзілі 31-гадовага палітвязьня Аляксея Качанава паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці). Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасьці справы невядомыя.

У выніку судзьдзя Вячаслаў Калюка асудзіў палітвязьня на адзін год і чатыры месяцы калёніі. Палітвязень ужо адбыў гэты тэрмін падчас сьледзтва — за кратамі ён знаходзіўся з 30 верасьня 2021 году. Таму пасьля прысуду Аляксея вызвалілі ў залі суду.

Студэнта, які прасіў выбарчыя камісіі лічыць галасы сумленна, пакаралі трыма гадамі турмы

Як піша «Вясна», палітвязьня Рамана Карпука асудзілі на 3 гады калёніі за рассылку лістоў сябрам камісій па рэфэрэндуме, які прайшоў у лютым 2022 году.

18-гадовы Раман Карпук заявіў у судзе, што толькі хацеў, каб галасы палічылі сумленна. Былога першакурсьніка абвінавацілі па ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэксу (перашкода ажыцьцяўленьню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэфэрэндуме) за адпраўку 99 лістоў сябрам камісій па рэфэрэндуме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнта, які прасіў выбарчыя камісіі лічыць галасы сумленна, пакаралі трыма гадамі турмы

У Горадні пэнсіянэрку асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» за лайк карыкатуры на Лукашэнку

Cуд Кастрычніцкага раёну Горадні вынес рашэньне па справе Тацяны Мацяеўскай, якую абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 КК. Справу разглядаў судзьдзя Ўладзімер Пазьняк, паведамляе «Вясна».

Вядома, што абвінавачаная родам з Абхазіі. Жанчыне 61 год, яна ўжо на пэнсіі, але працуе санітаркай у мясцовым доме-інтэрнаце, дзе пра яе добра адгукаюцца і як пра чалавека, і як пра супрацоўніцу. Тацяну Анатольеўну абвінавацілі ў тым, што 12 жніўня 2020 году і 21 кастрычніка 2021 году яна лайкнула ў «Одноклассниках» карыкатуру на Лукашэнку.

Сваёй віны жанчына на судзе не адмаўляла, пры гэтым бок абвінавачваньня настаяў на тым, што гэта яшчэ і «працяглае злачынства». Нібы пасьля таго, як жанчына паставіла лайк, гэтая карыкатура пачала паказвацца яшчэ і на ейнай старонцы. Падчас спрэчак гэтую характарыстыку пракурор усё ж выключыў, запатрабаваўшы ў якасьці пакараньня для абвінавачанай 2,5 года «хатняй хіміі». У выніку судзьдзя прызначыў Тацяне Мацяеўскай 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Музыку Ігара Банцэра пакаралі яшчэ 15 днямі арышту


22 жніўня ў Цэнтральным судзе Менску прайшоў другі судовы працэс над Ігарам Банцарам паводле артыкула 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Яму зноў прысудзілі 15 дзён арышту, паведамляе «​Вясна».

Банцэр меў выйсьці 19 жніўня пасьля 15 сутак, але гэтага не адбылося. Стала вядома, што яго перазатрымалі ў дзень вызваленьня паводле новай адміністрацыйнай справы. Выходныя ён правёў у ЦІПе ў чаканьні чарговага суду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: музыку Ігара Банцэра ня выпусьцілі пасьля 15 дзён на Акрэсьціна

У Фаніпалі за ўдзел у пратэстах затрымалі трох чалавек

У Фаніпалі затрыманыя тры чалавекі за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе, паведамляе Reform.by. «Пакаяльныя» відэа зьявіліся на адным з праўладных тэлеграм-каналаў. Сярод затрыманых — студэнт БДМУ і індывідуальны прадпрымальнік.

За відэа супраць расейскіх вайскоўцаў ГУБАЗіК затрымаў жанчыну, якая даглядае дзіця з інваліднасьцю

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне 40-гадовай Аляксандры Доўгай. Паводле іх, жанчына на сваёй TikTok-старонцы выклала відэа ў падтрымку Ўкраіны і супраць расейскіх вайскоўцаў.

Супраць яе могуць завесьці крымінальную справу паводле арт. 130 КК (распальваньне варожасьці), паведамляе «Вясна».

Галоўнага рэдактара «Народных навінаў Віцебска» Сержука Серабро выклікалі ў ГУБАЗіК

Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook. Пасьля «даваньня тлумачэньняў» аб яго працы падчас «падзей 2020 году» Сяргея Серабро адпусьцілі з ГУБАЗіК.

«Я на волі. Усе норм. Ніякіх эксцэсаў не было, — напісаў журналіст у Фэйсбуку. — Даў „обяснение“, як асьвятляў падзеі 2020. „Попеняли“, што „ННВ“ малавата надаюць увагі праблемам злачыннасьці. Ня ведаю, наколькі сур’ёзна, бо, здаецца, у гэтым пляне мы ўперадзе ўсіх рэгіянальных СМІ. 8))».

Сержука Серабро ўжо затрымлівалі ў Віцебску ў лютым 2022 году. Міліцыянты цікавіліся, ці не зьбіраецца ён удзельнічаць у антываенных пратэстах. Пазьней яго вызвалілі без складаньня пратаколу.

Фатографа Сяргея Марозава аштрафавалі

Як паведамляе @pagoniagrodna, Сяргею «Баніфацыу» Марозаву прызначылі штраф за «экстрэмісцкія» падпіскі ў Instagram і вызвалілі. Яго затрымалі ўчора ў Горадні на аўтафэстывалі «Лякацыя».

Сяргей Марозаў — фатограф, вядомы ў тым ліку сваім здымкамі з дрона, кандыдат гістарычных навук. Звольніўся з горадзенскага ўнівэрсытэту ўвосень 2020 году пасьля 10 гадоў працы на знак салідарнасьці са звольненымі выкладчыкамі і адлічанымі студэнтамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 5 жніўня: затрыманьні ў Гомлі, вырак тыктокерцы у Менску; 3,5 і 1,5 года калёніі за камэнтары пра «справу Зельцара»

Перастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома

28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.

Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.

Андрэю Зельцару быў 31 год.

У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).

Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.

Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».

17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».

Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.

Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.

Дзьмітры Федасюк

Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».

Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).