Украіна пад пагрозай абстрэлаў сьвяткуе Дзень Дзяржаўнага сьцяга і праводзіць міжнародную канфэрэнцыю аб дэакупацыі Крыму

У Кіеве паднялі самы вялікі сьцяг Украіны, 23 жніўня 2022

Асноўныя падзеі расейскай вайны супраць Украіны 23 жніўня: сьвята Дзяржаўнага сьцяга Ўкраіны, канфэрэнцыя «Крымская плятформа», абстрэлы Расеяй усходу і поўдня Ўкраіны, мабілізацыя на акупаваных Расеяй тэрыторыях, будаўніцтва акупантамі пантоннага моста каля Херсону.

«Сіня-жоўты сьцяг абавязкова падымем па ўсёй Украіне»

Ва Ўкраіне 23 жніўня адзначаюць Дзень Дзяржаўнага сьцяга. У Кіеве традыцыйна ў гэты дзень на тэрыторыі Нацыянальнага музэю Другой усясьветнай вайны паднялі вялікае сіня-жоўтае палотнішча. Аналягічныя цырымоніі ў гэты дзень праходзяць у большасьці ўкраінскіх гарадоў, але масавыя сьвяточныя імпрэзы скасавалі.

Замежныя выведкі папярэджваюць, што ў гэтыя сьвяточныя ва Ўкраіне дні Расея можа нанесьці масаваны ракетны ўдар па дзяржаўных і цывільных аб’ектах.

Упершыню за гады незалежнасьці ва Ўкраіне скасавалі ўсе сьвяточныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да дзён Дзяржаўнага сьцяга і Незалежнасьці. Але ў большасьці гарадоў на галоўных плошчах адбыліся ўрачыстае падняцьце дзяржаўнага сьцяга.

У Кіеве паднялі самы вялікі сьцяг. 90-мэтровая мачта была пабудаваная ў 2020 годзе адмыслова пад найбольшы ўкраінскі сьцяг — даўжынёй 24 і шырынёй 16 мэтраў. 23 жніўня ва ўрачыстай цырымоніі ўзяў удзел прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

«Мы ніколі не прызнаем чужых колераў на сваёй зямлі і ў сваім небе», — заявіў Уладзімір Зяленскі, абвяшчаючы хвіліну маўчаньня ў памяць украінскіх абаронцаў, якія загінулі за ўкраінскі сьцяг і зямлю.

Кіраўнік украінскай дзяржавы запэўніў, што ўкраінскі сьцяг абавязкова будзе падняты і на тых тэрыторыях, якія цяпер захапіла Расея, і ў раней анэксаваных Крыме, Данецкай і Луганскай абласьцях.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на цырымоніі да Дня Дзяржаўнага сьцяга. Кіеў, 23 жніўня 2022

«Наш сьцяг вярнуўся на востраў Зьмяіны, а крэйсэр „Масква“ пайшоў па зададзеным курсе. І сёньня я хачу сказаць ня толькі пра мінуўшчыну нашага сьцяга, а і пра ягоную будучыню. Сіня-жоўты сьцяг будзе лунаць там, дзе ягоны дом, там, дзе ён мусіць быць па праве, ва ўсіх часова акупаваных гарадах і вёсках Украіны», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны назваў сымбалічным, што ў Дзень Дзяржаўнага сьцяга ва Ўкраіне пачнецца нацыянальны чэмпіянат у футболе, скасаваны пасьля расейскага ваеннага ўварваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас вайны стартаваў чэмпіянат Украіны ў футболе: з пустымі трыбунамі, далей ад фронту, амаль без замежных гульцоў

«Крымская плятформа» адбудзецца, нягледзячы на новыя пагрозы

Адначасова зь дзяржаўнымі сьвятамі ва Ўкраіне ў гэтыя дні адбудзецца другі форум «Крымскай плятформы». Але праз новыя пагрозы ракетных атак Расеі сустрэча будзе адбывацца on-line.

Як раней заяўлялі афіцыйныя асобы Ўкраіны, у форуме возьмуць удзел большасьць лідэраў краін «вялікай сямёркі», а таксама генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг.

Раніцай 23 жніўня стала вядома, што ў Кіеў прыбыў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, які правядзе сустрэчу з Уладзімірам Зяленскім і возьме ўдзел у форуме.

Летась у «Крымскай плятформе», якая таксама праходзіла 23 жніўня, удзельнічалі прадстаўнікі 47 замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый. Такі фармат міжнародных кансультацый ініцыявала Ўкраіна, каб распрацаваць шляхі дэакупацыі Крыму, анэксаванага Расеяй у 2014 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Politico: ЗША могуць перадаваць Украіне шэраг узбраеньняў негалосна

Абстрэлаў менш, баі ідуць

Увечары па ўсёй Украіне была абвешчаная паветраная трывога. Расея працягвае абстрэльваць Харкаў і Харкаўскую вобласьць, Нікапальскі раён Днепрапятроўскай, Запароскую і ўсю лінію Данецкай і Луганскай абласьцей, дзе вядуцца інтэнсіўныя баі.

Расея працягвае са сваёй тэрыторыі тэрарызаваць абстрэламі мірных жыхароў Чарнігаўскай і Сумскай абласьцей. Начная перадышка ад абстрэлаў ці не ўпершыню за некалькі апошніх дзён назіралася ў Мікалаеве і Мікалаеўскай вобласьці.

Як паведаміў Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны, на Бахмуцкім кірунку ў Данецкай вобласьці ўкраінскія войскі адкінулі назад расейцаў пасьля іх моцнай атакі ў раёне населеных пунктаў Зайцавае, Салядар і Кодэма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканская выведка папярэдзіла: Расея рыхтуе моцны ракетны ўдар па дзяржаўных і цывільных аб’ектах ва Ўкраіне

Акупацыйныя ўлады Луганшчыны абвясьцілі абавязковую мабілізацыю

Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведаміла, што акупацыйныя ўлады Луганскай вобласьці абвясьцілі абавязковую мабілізацыю з 1 верасьня. У расейскае войска спачатку будуць прызываць тых, хто атрымаў пашпарты так званай «ЛНР» і Расеі і адпавядае неабходным вайсковым спэцыяльнасьцям, а на другім этапе — усіх мужчын ва ўзросьце ад 18 да 65 гадоў.

Паводле ўкраінскай выведкі, у Луганскую вобласьць прыбыў асабовы склад расейскай Нацгвардыі, які будзе выконваць адміністрацыйна-паліцэйскія захады для выяўленьня дэзэртыраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія войскі зноў нанесьлі ўдары па лягістыцы Расеі ў акупаваных Новай Кахоўцы і Херсоне

Расейцы пачалі будаваць мост праз Дняпро каля Херсону

Выведка Міністэрства абароны Вялікабрытаніі паведаміла, што Расея ў мінулыя выходныя пачала перакідваць баржы для будаўніцтва моцнага наплаўнога моста цераз раку Дняпро, побач з пашкоджаным напярэдадні ўкраінскім войскам Антонаўскім мостам. Гэтая пераправа зьяўляецца ключавой паміж акупаваным Расеяй Херсонам і ўсходам.

Машыны на пароме ля пашкоджанага Антонаўскага мосту ў Херсоне, 3 жніўня 2022

«Калі Расея дабудуе імправізаваны мост, гэта, напэўна, павялічыць прапускную здольнасьць пункту пропуску ў параўнаньні з паромнай пераправай», — мяркуюць брытанскія выведнікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін думае пра Беларусь. Вайна ва Ўкраіне як шанец захаваць беларускую незалежнасьць

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.