Трэнэр Мікалай Казека да апошняга моманту афіцыйна ўзначальваў зборную краіны, але ня быў дапушчаны ўладамі да кіраваньня камандай на зімовых Алімпійскіх гульнях у Пэкіне.
Казека падтрымаў патрабаваньне новых вольных выбараў і выступіў супраць гвалту з боку сілавікоў. Пасьля гэтага яго пазбавілі прэзыдэнцкай стыпэндыі, а таксама перасталі браць на зборы нацыянальнай каманды.
«Улетку ў яго скончыўся кантракт — яго не працягнулі. Можна сказаць, Мікалай Іванавіч выйшаў на пэнсію», — паведаміў у інтэрвію для блогу «Отражение» двухразовы алімпійскі прызэр і экс-трэнэр зборнай Дзьмітры Дашчынскі, які пераехаў у Аўстралію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзякуй міністру Кавальчуку, які актыўна ўзяўся за тое, каб патапіць фрыстайл». Чым цяпер займаецца легендарны трэнэр Мікалай Казека?Таксама Казека падтрымаў фрыстайлістку Аляксандру Раманоўскую, калі ўлады пачалі перасьледаваць і яе.
Цяпер на сайце Беларускага лыжнага саюзу галоўным трэнэрам значыцца Міхаіл Курловіч, які дэ-факта кіраваў зборнай у фрыстайле з моманту адхіленьня Казекі.
Казека ўзначальваў зборную Беларусі ў фрыстайле з 1993 году. Яго выхаванцы ўзялі на Алімпіядах чатыры залатыя мэдалі, адзін срэбны і два бронзавыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Глеб падпісаны на суполку «За Пуціна», Сабаленка абяцала падтрымаць Украіну, але перадумала. Чым жывуць сёньня беларускія спартсмэны