«Рэакцыя нашай дзяржавы будзе абсалютна зразумелая. Калі гэтае агіднае судзілішча адбудзецца, калі нашых людзей у парушэньне ўсіх дамоўленасьцяў, міжнародных правілаў завядуць у гэтыя дэкарацыі... Гэта будзе той лініяй, за якой любыя перамовы немагчымыя. Расея сама сябе адрэжа ад перамоваў. Ня будзе больш размоваў», — заявіў Зяленскі.
«Украіна ня будзе трываць зьдзекі зь людзей, пра якіх можна сказаць толькі адно: яны героі сваёй Радзімы і абаранялі свабоду свайго народу ад захопнікаў», — дадаў украінскі прэзыдэнт.
Кіраўнік так званай «ДНР» Дзяніс Пушылін раней казаў, што «падрыхтоўка да трыбуналу вядзецца», і што «адзін зь першых трыбуналаў будзе ў Марыюпалі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канцлер Шольц: Пуцін казаў, што Беларусь і Ўкраіна не павінны быць самастойнымі дзяржаваміУ акупаваным Марыюпалі, паводле зьвестак расейскіх і ўкраінскіх СМІ, рыхтуюцца правесьці суд над байцамі палку «Азоў». У пачатку жніўня Life апублікаваў відэа зь філярмоніі Марыюпалю, дзе для маючага адбыцца суду пабудавалі мэталічныя клеткі для падсудных.
Украінскі мэр Марыюпалю Вадзім Бойчанка ня выключыў, што расейскія вайскоўцы могуць правесьці суд над украінскімі ваеннапалоннымі ў Дзень незалежнасьці Ўкраіны, 24 жніўня.
Раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Расея «закрые для сябе любыя шанцы на перамовы» з украінскімі ўладамі, калі пачне праводзіць так званыя рэфэрэндумы на акупаваных тэрыторыях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін дзейнічаў сьвядома, таму суд над ім павінен быць хуткім — пракурор у справе МілошавічаЗ пачатку ўзброенага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны, паміж расейскімі і ўкраінскімі ўладамі адбыліся некалькі раўндаў перамоваў у пытаньні ўмоў для спыненьня баявых дзеяньняў, аднак вынікаў яны не далі. Апошняя такая сустрэча адбылася ў канцы сакавіка ў Стамбуле. У траўні дэлегацыі прыпынілі перамовы, абвінаваціўшы адна адну ў зрыве працэсу.
Украіна адной з галоўных умоваў для спыненьня вайны ставіць вяртаньне расейскіх войскаў на пазыцыі, якія яны займалі на 24 лютага. Расея ж заяўляе, што з захопленых тэрыторый ня сыдзе ніколі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.