«Падкрэсьліваю, што Ўкраіна, безумоўна, да гэтага (падрыву аўтамабіля Дугіна. — рэд.) ня мае дачыненьня, бо мы не крымінальная дзяржава, якою ёсьць Расейская Фэдэрацыя, і тым больш не тэрарыстычная дзяржава», — сказаў ён.
Падаляк выказаў думку, што падрыў — гэта праява ўнутрыпалітычнай барацьбы ў Расеі.
«Мы зараз бачым, што розныя палітычныя групоўкі, у тым ліку ультрарадыкальныя, да якіх меў дачыненьне спадар Дугін, — гэта ж ультрапатрыёт расейскі, які казаў, што павінна выжыць толькі Расея, а ўсе астатнія нацыі, уключаючы Ўкраіну, трэба максымальна прарэдзіць, такая клясычная нацысцкая ідэалёгія. Дык вось гэтыя групоўкі сёньня пачынаюць бітву... Расея пачынае ўнутрана развальвацца, і гэтыя групоўкі хочуць атрымаць пэўныя месцы, каб пасьля таго прэтэндаваць на якую-небудзь іншую ўладу ў РФ», — сказаў дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ня варта «абнуляць» жнівень 1991-га. Піша Сяргей НавумчыкНапярэдадні вечарам у расейскім Падмаскоўі ўзарваўся аўтамабіль з дачкой Дугіна — Дар’яй Дугінай. Як паведамляюць расейскія СМІ, Дугіна з бацькам была на сустрэчы, пасьля якой плянавалі паехаць разам, аднак урэшце апынуліся ў розных аўтамабілях.
Аляксандр Дугін — адзін з ідэолягаў «рускага сьвету», выступаў за ўвядзеньне расейскіх войскаў ва Ўкраіну і акупацыю практычна ўсёй яе тэрыторыі. Лічыцца, што ідэі Дугіна ўплываюць на палітыку Крамля.
Дарʼя Дугіна падзяляла ідэі бацькі і займалася грамадзкай дзейнасьцю. Разам з бацькам яна ўнесена ў санкцыйныя сьпісы Вялікай Брытаніі.