Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны (ГУВ МА) Украіны сьцьвярджае, што беларускае ваеннае ведамства падпісала з урадам Расеі «тэрміновыя кантракты на рамонтна-аднаўленчыя работы авіяцыйнай тэхнікі».
«Работнікі 558-га авіяцыйнага рамонтнага завода (Баранавічы) пэрыядычна ажыцьцяўляюць камандзіроўкі ў складзе „выязных груп“ для правядзеньня работ па аднаўленьні і ўводзе ў эксплуатацыю авіяцыйнай тэхнікі на 121-м авіяцыйным рамонтным заводзе (тэрыторыя авіябазы Кубінка)», — гаворыцца ў паведамленьні ГУВ МА.
Авіябаза Кубінка — вайсковы аэрадром у Маскоўскай вобласьці, дзе разьмешчаны згаданы завод, а таксама 237-ы цэнтар паказу авіятэхнікі імя Кажадуба.
«У асноўным работы праводзяцца на самалётах тыпу МіГ-29 і яго мадыфікацыях. Паводле наяўнай інфармацыі, спэцыялісты зь Беларусі ажыццяўляюць работы па іх зьняцьці з захоўваньня і кансэрвацыі для наступнага прымяненьня ў вайне супраць Украіны», — сьцьвярджаюць ва ўкраінскай ваеннай выведцы.
Згаданы 558-ы авіярамонтны завод у Баранавічах (Брэсцкая вобласьць) знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі.
Варта адзначыць, што афіцыйных дакумэнтаў, якія б пацьвярджалі інфармацыю пра прыцягненьне беларускіх спэцыялістаў да аднаўленьня расейскай авіятэхнікі, у адкрытым доступе няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна дэнансавала пагадненьне аб супрацы і каапэрацыі зь Беларусьсю ў вайскова-прамысловым комплексеРазам з тым 15 жніўня ўрад РФ выпусьціў распараджэньне, згодна зь якім у пералік рас=еійскіх «арганізацый, спэцыялізацыю якіх мэтазгодна захаваць у інтарэсах ваенна-эканамічнага супрацоўніцтва дзяржаў АДКБ», унесена Аб’яднаная авіябудаўнічая карпарацыя (ААК) — у інтарэсах Беларусі. Спэцыялізацыямі ААК пазначаны «распрацоўка, вытворчасьць, рамонт і мадэрнізацыя авіяцыйнай тэхнікі ваеннага і грамадзянскага прызначэньня».
ААК зьяўляецца акцыянэрам двух дзясяткаў кампаній, зьвязаных з авіяцыяй, у тым ліку карпарацыі «МіГ» (100% акцый).
- 24 лютага Расея пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней, актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.
- 21 ліпеня ў інтэрвію францускаму інфармацыйнаму агенцтву «Франс Прэс» Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што з Беларусі ва Ўкраіну была ўведзена 20-тысячная групоўка расейскіх войскаў. Пазьней паўночныя тэрыторыі былі вызваленыя.