31 жніўня ў Празе кіраўнікі МЗС краінаў ЭЗ абмяркуюць агульнаэўрапейскае візавае эмбарга для беларусаў і расейцаў. Спыталі, што думаюць жыхару Эўразьвязу пра патэнцыйную забарону і як тлумачыць гэта аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.
Пытаньне аб магчымай забароне на ўезд у Эўразьвяз для грамадзян Расеі і Беларусі абмяркоўваецца на Захадзе ўсё часьцей пасьля закліку прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. Адпаведную прапанову ўжо ўнесьлі на абмеркаваньне ў ЭЗ.
Адной зь першых прапанову Зяленскага што да забароны наведваць ЭЗ грамадзянам Расеі (пра беларусаў гаворкі не ішло) падтрымала прэм’ер Эстоніі Кая Калас, заявіўшы, што «наведваньне Эўропы — гэта прывілей, а ня права». Сама Эстонія не выдае турыстычныя візы расейцам зь вясны, у канцы ліпеня ўрад краіны зацьвердзіў забарону на прадастаўленьне расейскім грамадзянам часовага віду на жыхарства або візы з мэтай навучаньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЭЗ унесьлі прапанову аб забароне выдачы шэнгенскіх візаў грамадзянам РасеіЯшчэ раней, да прапановы Зяленскага, забараніць расейцам наведваць ЭЗ, прапанавала прэмʼер-міністар Фінляндыі Санна Марын.
За забарону на паездкі расейцаў у Эўропу і закрыць для іх Шэнгенскую візавую зону выступае і Эстонія, а ў Польшчы ўжо працуюць над канцэпцыяй, якая дазволіць не выдаваць візы расейцам.
У жніўні парлямэнт Латвіі заклікаў краіны ЭЗ прыпыніць выдачу турыстычных і ўязных візаў ня толькі грамадзянам Расеі, але і Беларусі. 18 жніўня латвійскі МУС распрацаваў папраўкі ў заканадаўства, паводле якіх, у выпадку іх прыняцьця, грамадзянам Беларусі і Расеі перастануць выдаваць паўторныя ВНЖ.
19 жніўня «сказаць выразнае „не“ турыстам з Расеі і Беларусі» запатрабаваў кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Літвы: «Трэба сказаць выразнае „не“ турыстам з Расеі і Беларусі»У той жа час супраць увядзеньня візавых абмежаваньняў для расейцаў выступіла Нямеччына. 11 жніўня канцлер Нямеччыны Олаф Шольц раскрытыкаваў гэтую ідэю, заявіўшы, што «гэта вайна Пуціна», а не расейскага народу.
Усьлед за Нямеччынай супраць забароны на ўезд у ЭЗ для турыстаў з Расеі выступілі таксама Кіпр, Грэцыя і Партугалія.