Як паведамляюць у Елісейскім палацы, Макрон чарговым разам падкрэсьліў занепакоенасьць рызыкамі, якія стварае сытуацыя на Запароскай АЭС, і падтрымаў больш хуткі прыезд місіі экспэртаў МАГАТЭ на станцыю.
Пуцін паведаміў аб сваёй згодзе на гэтую місію.
У прэс-службе Макрона дадаюць, што два прэзыдэнты зноў абмяркуюць гэтую тэму бліжэйшымі днямі.
Па паведамленьні Крамля, размова адбылася з ініцыятывы францускага боку. Расейскі бок таксама сьцьвярджае, што падчас размовы Пуцін нагадаў пра нібыта «запрашэньне экспэртаў ААН і Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа наведаць сьледчы ізалятар у Аленаўцы».
Макрон рэгулярна размаўляў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, у прыватнасьці, па стане на пачатак сакавіка адбылася ўжо дванаццатая размова Макрона з Пуціным з пачатку 2022 года. Аднак гэтыя размовы ня мелі выніку — Пуцін не жадаў размаўляць пра спыненьне вайны супраць Украіны, а Макрон працягваў падкрэсьліваць неабходнасьць перамоўнага працэсу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры абстрэлы за тыдзень. Што адбываецца на захопленай Расеяй Запароскай АЭС і ці магчымая новая ядзерная катастрофа