Як паведамляе «Зеркало», мужчына падзяліўся гісторыяй зь беларускім тэлеграм-каналам «Dzik Pic. Адкрыта аб польскім ІТ». Тыя зьвярнуліся ў банк і атрымалі ад яго афіцыйны камэнтар.
Як расказаў беларус, да вайны ён знаходзіўся ва Ўкраіне, а ў сакавіку прыехаў у Польшчу. Візы ў яго не было — Польшча прымала бязь іх. Мужчыну трэба было адкрыць рахунак у банку, і толькі ў GetIn Bank яму ўдалося гэта зрабіць з адным толькі беларускім пашпартам, без дадатковых польскіх дакумэнтаў. Многія іншыя банкі ў тыя дні часта адмаўляліся адкрываць рахункі беларусам у такіх сытуацыях.
Аднак 10 жніўня айцішнік атрымаў са свайго банку e-mail. Яго папрасілі да 31 жніўня прыйсьці ў любое аддзяленьне банку і прадʼявіць свой від на жыхарства ў Польшчы («карту побыту»), каб працягнуць абслугоўваньне ягонага рахунку і выкананьне транзакцый. Банк сьцьвярджаў, што меры ўведзеныя ў адпаведнасьці з прынятымі вясной рэглямэнтамі Рады ЭЗ у сувязі з вайной Расеі супраць Украіны.
Канал напісаў у GetIn Bank ліст і атрымаў афіцыйны камэнтар: «У адпаведнасьці з пастановамі Рады ЭЗ у лютым і сакавіку гэтага году і на падставе нацыянальнага заканадаўства банк распачаў крокі па абнаўленьні базы дакумэнтаў, неабходных для вядзеньня банкаўскага рахунку для грамадзянаў краін, якія не ўваходзяць у ЭЗ, у тым ліку Беларусі. Непрадстаўленьне банку сапраўднай карты побыту можа прывесьці да скасаваньня дагавору банкаўскага рахунку. У такім выпадку сродкі, назапашаныя на рахунку, будуць даступныя кліентам для вываду. Поўнае выкарыстаньне ўліковага запісу будзе немагчыма», — гаворыцца ў заяве банку.
Сам айцішнік, які расказаў пра сытуацыю, мае намер зьняць грошы і адкрыць рахунак у іншым банку. Пакуль што пра такія праблемы кліентаў-беларусаў у іншых польскіх банках не паведамлялася.