«Сымэтрычнага адказу» ня будзе: Вялікая Брытанія не плянуе адклікаць амбасадара зь Беларусі

Амбасадар Беларусі ў Вялікай Брытаніі Максім Ермаловіч 29 ліпеня быў адкліканы ў Беларусь. МЗС Беларусі адзначыла, што не разрывае дыпляматычныя стасункі, але новага амбасадара прызначаць ня будзе. Амбасадарка Вялікай Брытаніі Джаклін Пэркінз на пытаньне «Белсату» адказала, што Брытанія не плянуе сымэтрычнага кроку ў адказ.

Амбасада Аб’яднанага Каралеўства адказала «Белсату», што на гэты час Вялікая Брытанія «ня мае намеру» адклікаць амбасадарку.

«Падтрыманьне адносінаў на амбасадарскім узроўні мае важнае значэньне для адкрытага дыялёгу падчас складанай сытуацыі ў міжнародных адносінах, — тлумачаць у амбасадзе. — Вялікая Брытанія працягне актыўна заклікаць да адказнасьці ў Беларусі».

Як правіла, паніжэньне ўзроўню дыпляматычнай прысутнасьці адбываецца сымэтрычна: калі адзін бок адклікаў амбасадара, то адклікае і другі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь за санкцыі адклікала свайго амбасадара зь Вялікай Брытаніі

Прычыны адкліканьня Ермаловіча, якія назваў прэс-сакратар МЗС, наступныя: санкцыі, абмежаваньне працы дзяржаўных мэдыя, «беспадстаўная» забарона на палёты «Белавія», нявыдача беларускім дэпутатам візаў для наведваньня паседжаньня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

У МЗС Беларусі пасьля адкліканьня амбасадара зь Вялікай Брытаніі заявілі, што гэта не разрыў дыпляматычных стасункаў — каналы камунікацыі застаюцца. У той жа час новага амбасадара паабяцалі прызначыць толькі «пасьля заканчэньня сёлетняга ўнутрыпалітычнага шоў і зьяўленьня ў брытанскім урадзе адказных палітыкаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызначыў экс-пасла Ермаловіча намесьнікам кіраўніка сваёй адміністрацыі. Яго называлі «прыхільнікам рынкавых рэформаў»