Каб забарона на візы для расейцаў была эфэктыўнай, краіны Эўразьвязу павінны ня толькі перастаць выдаваць грамадзянам РФ шэнгенскія візы, але і ануляваць раней выдадзеныя доўгатэрміновыя шматразовыя візы «прынамсі да заканчэньня вайны ва Ўкраіне». Такую думку выданьню Politico выказаў кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.
«Неадкладна трэба сказаць выразнае „не“ турыстам з Расеі і Беларусі», — сказаў ён.
На яго думку, краіны Эўразьвязу павінны прымаць толькі тых, «каму патрэбен прытулак, а не адпачынак», дэмакратычных актывістаў і тых, каго перасьледуюць аўтарытарныя рэжымы Масквы і Менску.
Ландсбергіс падкрэсьліў, што Літва ўжо прыняла рашэньне выдаваць візы грамадзянам гэтых дзьвюх краін толькі з гуманітарных меркаваньняў ці зь іншых прычынаў, якія разглядаюцца як міжнародныя абавязаньні, але праблема палягае ў тым, што расейскія турысты, якім улады Балтыі адмовілі ў візе, могуць па-ранейшаму зьвяртацца па візу ў любую іншую краіну ЭЗ.
«І пасьля пасьпяховага атрыманьня візы многія зь іх усё роўна едуць у краіны, найбліжэйшыя да расейскіх і беларускіх межаў, гэта значыць у краіны Балтыі, а ня ў тыя, якія ім далі візу», — адзначыў кіраўнік МЗС Латвіі.
Паводле Ландсбергіса, такім чынам краіны — сябры ЭЗ, якія працягваюць выдаваць расейцам турыстычныя візы, «ня толькі ігнаруюць усе зьверствы, учыненыя супраць украінцаў, але і фактычна „запрашаюць“ расейскіх турыстаў у Прыбалтыку», у той час як Эстонія, Латвія і Літва «не жадаюць вітаць расейскіх гасьцей, якія ў большасьці зьяўляюцца прыхільнікамі пуцінскай вайны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Літвы: Беларусам і расейцам мы выдаем візы толькі з гуманітарных меркаваньняўДарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка так пракамэнтаваў выказваньні кіраўніка літоўскага МЗС:
«Мы знаходзімся на сувязі зь міністэрствам замежных спраў Літвы: нас запэўнілі, што Літва працягне выдаваць візы. Звычайныя турыстычныя візы не выдаюць яшчэ з 2020 году. Усе візы, якія цяпер выдаюцца Літвой, выдаюцца па гуманітарных прычынах».
Габрыэлюс Ландсбергіс пасьля шырокага рэзанансу, які выклікала яго інтэрвію, паведаміў у Twitter, што Літва працягне выдаваць гуманітарныя візы расейцам і беларусам, але падкрэсьліў, што «сонечныя ванны — не гуманітарныя падставы».
Раней у МЗС Літвы запэўнілі, што працягнуць выдаваць візы беларусам, якім пагражае небясьпека на радзіме. 9 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў забараніць усім расейцам уезд у краіны Захаду. Пазьней ён удакладніў, што ня варта выдаваць візы тым, хто адпраўляецца з Расеі ў Эўропу з мэтай турызму або ў дзелавыя паездкі; тыя ж, каго перасьледуюць у Расеі, павінны атрымаць дапамогу «празь бежанства, праз просьбы аб прытулку, іншыя магчымасьці».
Прэм’ер-міністар Эстоніі Кая Калас падтрымала прапанову Зяленскага аб забароне ўсім расейцам уезду ў краіны Захаду. Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, наадварот, заявіў, што ён супраць агульнай забароны ўезду расейцаў у ЭЗ.
Чэхія, якая старшынствуе ў ЭЗ, абʼявіла, што наступныя санкцыі супраць Расеі могуць уключаць агульную забарону на выдачу візаў грамадзянам Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва і Чэхія падтрымалі прапанову забараніць расейцам уезд у Эўразьвяз ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва працягвае выдаваць візы беларусам, якіх перасьледуе рэжым Лукашэнкі, — МЗС Літвы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Латвіі заклікаў ануляваць віды на жыхарства і візы тым, хто падтрымлівае Пуціна