Лукашэнка робіць выгляд, што «перагарнуў старонку». Чаму нельга вярнуць ранейшую «стабільнасьць»?

Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота.

Здаецца, улады апошнім часам спрабуюць «перагарнуць старонку», вярнуць «стабільнасьць», якая была да 2020 году, забыць тыя падзеі як страшны сон. Але неяк не атрымліваецца.

Сьцісла:

  • Праблема ў тым, што ўлады паўсталі перад дылемай. З аднаго боку, яны хочуць засьведчыць перад сваімі прыхільнікамі: мы перамаглі.
  • З другога боку, улады імкнуцца сказаць грамадзтву: а нічога і не было.
  • Лукашэнка дэманстратыўна займаецца рутынай, з усіх сілаў паказвае, што ўсялякія палітычныя праблемы зьніклі, краіна вяртаецца ў дарэвалюцыйную стабільнасьць.
  • Аднак прыгожая карцінка не складаецца, яе разбурае, найперш, працяг палітычных рэпрэсій, а таксама іншыя чыньнікі.


Векапомныя дні 2020 году пакінулі вялізны адбітак у грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі і ў сьвядомасьці людзей. Прычым адбітак з процілеглымі знакамі. Адны памятаюць пра той час як пра найлепшыя дні і гадзіны свайго жыцьця, калі яны, можа, упершыню адчулі сябе грамадзянамі ўласнай краіны. Другія ўзгадваюць тыя падзеі са страхам і вельмі баяцца паўтарэньня. Але і тыя, і другія атрымалі цяжкую псыхалягічную траўму, якая дасюль сядзіць у сьвядомасьці стрэмкай, не дае забыцца. Сытуацыя халоднай грамадзянскай вайны — цяжкая рэч. Беларусы — траўмаваны соцыюм.

Здаецца, улады цяпер імкнуцца «перагарнуць старонку», вярнуць тую «стабільнасьць», якая была да 2020 году, забыць тыя падзеі як страшны сон. Але неяк не атрымліваецца.

Вось 9 жніўня ўлады правялі сваю акцыю пад назвай «Форум патрыятычных сіл». Што тычыцца даты, то тут быў падвойны сымбалізм. Па-першае, нагодай стала гадавіна прэзыдэнцкіх выбараў і пачатак пратэстаў. Па-другое, форум быў праведзены ў піку Віленскай канфэрэнцыі, арганізаванай Офісам Сьвятланы Ціханоўскай.

Аднак «зьезду пераможцаў» чамусьці не атрымалася. Форум прайшоў дзяжурна, фармальна, без належнага рэзанансу ў дзяржаўных СМІ. І, што асабліва важна, без удзелу Лукашэнкі.

Праблема ў тым, што ўлады паўсталі перад дылемай. З аднаго боку, хочуць засьведчыць перад сваімі прыхільнікамі: мы перамаглі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі праўду не адрозьніш ад хлусьні. Чаму людзі ня вераць афіцыйнай інфармацыі пра выбухі ў Крыме і Зябраўцы

З другога боку, хочуць сказаць грамадзтву: а нічога і не было. Таму трэба так адсьвяткаваць, каб не нагадваць, лішні раз не прыцягваць увагу да непрыемнай для ўладаў падзеі двухгадовай даўнасьці.

Вось паміж гэтымі двума кейсамі і круціцца афіцыйны ідэалягічны канструкт.

У гэтым сэнсе паказальныя паводзіны Лукашэнкі. Ён не прыйшоў на «Форум патрыятычных сіл», увогуле нічога ня кажа пра падзеі двухгадовай даўнасьці, ня ўзгадвае пра вайну ва Ўкраіне, хоць апошнім часам яна ўшчыльную наблізілася да Беларусі (выбухі на аэрадроме ў Зябраўцы пад Гомлем).

Лукашэнка дэманстратыўна нічога гэтага не заўважае, не камэнтуе. Але кожны дзень зьяўляецца на інфармацыйным экране, займаючыся рутынай. Правярае хаду ўборачнай кампаніі, вытворчасьць матацыклаў і веласіпедаў, займаецца насеньняводзтвам, садаводзтвам, будаўніцтвам жытла на вёсцы і інш. То бок з усіх сіл паказвае, што ўсялякія палітычныя праблемы зьніклі, краіна вяртаецца ў дарэвалюцыйную стабільнасьць.

Масавая эканамічная і палітычная эміграцыя за апошнія два гады ў пэўнай ступені павінна была часткова зьняць сацыяльную напружанасьць у краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заклікаў урад працягваць экспарт у Эўразьвяз, нягледзячы на санкцыі

Таму ўлады спрабуюць вярнуць ранейшы ідэалягічны канструкт. Маўляў, вакол адбываюцца забурэньні, войны, канфлікты, голад, засуха. І толькі Беларусь — выспа стабільнасьці, спакою, міру, стваральнай працы. Камбайны жнуць, сады квітнеюць, ствараецца «залаты» фонд насеньня. А Лукашэнка — гэта стабілізатар сыстэмы.

Можа, і ўдалося б упэўніць беларусаў, што стабільнасьць вярнулася, калі б не шэраг акалічнасьцяў. Прыгажосьць намаляванай карціны разбурае, найперш, працяг палітычных рэпрэсій, масавых чыстак у дзяржаўных установах, суды над апанэнтамі рэжыму, пра якія рэгулярна паведамляюць дзяржаўныя мэдыя, бясконцае выкрываньне афіцыёзнымі прапагандыстамі падкопаў ворагаў. Гэта ўсё неяк дрэнна стасуецца з краінай палітычнай стабільнасьці.

Плюс да гэтага — нарастаньне праблемаў у сацыяльна-эканамічнай сфэры, якія тычацца кожнага чалавека. І вайна ва Ўкраіне ўвесь час напружвае, як бы дзяржаўная прапаганда ні ўхілялася ад пытаньня пра ролю ў ёй Беларусі. Міжнародная ізаляцыя, праблема з паездкамі ў краіны ЭЗ, цяжкасьці з адпачынкам за межамі Беларусі — гэта таксама закранае далёкага ад палітыкі абываталя.

Такім чынам, карціна стабільнасьці распадаецца на фрагмэнты, напружанасьць не сыходзіць. Роля стабілізатара для Лукашэнкі пасьля 2020 году ня вельмі пасуе. Хутчэй наадварот.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.