Падпісаньне адбылося ў рамках перамоваў паміж прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім і прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Эрдаганам, якія прайшлі ў Львове. Пра гэта паведамляе прэсавая служба ўкраінскага прэзыдэнта.
«Турэччына — наш стратэгічны саюзьнік. Мы ўдзячныя турэцкім партнэрам за гатоўнасьць да супрацоўніцтва ў аднаўленьні разбуранай Расеяй інфраструктуры. Турэцкі бізнэс мае вялікі вопыт у будаўніцтве дарог і мастоў, у прыватнасьці Запароскага і Крамянчуцкага мастоў, і зарэкамэндаваў сябе як надзейны партнэр. Таму разьлічваем, што ўжо зусім хутка выйдзем на канкрэтныя практычныя вынікі сумеснага аднаўленьня», — сказаў Аляксандар Кубракоў.
У якасьці першага праекту разглядаецца аднаўленьне моста ў сяле Раманаўка Кіеўскай вобласьці, які злучае Бучу і Ірпень з Кіевам.
У бліжэйшы час будзе створана сумесная ўкраінска-турэцкая рабочая група па пытаньнях аднаўленьня, у рамках якой будуць прапрацаваныя мэханізмы прыцягненьня турэцкіх інвэстыцый у канкрэтныя праекты, гаворыцца ў паведамленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Львове адбылася сустрэча прэзыдэнтаў Украіны, Турэччыны і генэральнага сакратара ААН. Што абмяркоўвалі?Перамовы Зяленскага і Эрдагана прайшлі ў палацы Патоцкіх у Львове. Пасьля двухбаковых перамоваў прэзыдэнты Ўкраіны і Турэччыны сустрэліся з генсекам ААН Антонію Гутэрышам. Гэтая сустрэча доўжылася 40 хвілін. Бакі абмеркавалі прадуктовую ўгоду, сытуацыю вакол Запароскай атамнай электрастанцыі і ваеннае супрацоўніцтва.