Сайт газэты «Народная воля» аднавіў працу

Сайт газэты «Народная воля», доступ да якога быў абмежаваны рашэньнем Міністэрства інфармацыі, 18 жніўня аднавіў працу.

У прыватнасьці, зьявіліся дзьве новыя публікацыі. Прадстаўнік рэдакцыі паведаміў BPN, што доступ разблякаваны праз VPN.

Да гэтага сайт не абнаўляўся з 12 жніўня. Прычынай рэдакцыя назвала абмежаваньне доступу да сайта рашэньнем Мінінфарму. Пры гэтым яна ўдакладніла, што «блякіроўка нагэтулькі глыбокая», што ў супрацоўнікаў выданьня зьнікла магчымасьць доступу да адміністраваньня сайта.

На дадзены момант рэсурс даступны за мяжой, у Беларусі — толькі для часткі карыстальнікаў інтэрнэту.

Галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч

  • «Народная воля» — незалежная беларуская грамадзка-палітычная газэта, заснаваная ў 1995 годзе Іосіфам Сярэдзічам пасьля таго, як указам Лукашэнкі ён быў адхілены ад кіраваньня «Народнай газетай», заснавальнікам якой быў Вярхоўны Савет.
  • У 2021 годзе выданьне страціла магчымасьць выходзіць у Беларусі ў друкаваным выглядзе, рэдакцыя дастаўляе падпісчыкам па электроннай пошце pdf-вэрсіі нумароў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Народная воля» працягвае працу пасьля блякаваньня сайту і спыненьня друку папяровай вэрсіі газэты

Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ

У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Перасьлед працягнуўся ў 2022-2023 гг.

Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:

  • «Белгазета»,
  • «Брестская газета»,
  • «Газета Слонімская»,
  • «Информ-прогулка»,
  • «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
  • «Лидер-пресс».
  • «Народная воля»,
  • «Новы час»,
  • «Рэгіянальная газета»,
  • «Свободные новости плюс»,
  • «Ганцавіцкі час».

У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.

Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».

Мэдыя і мэдыяарганізацыі, прызнаныя ўладай «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: Радыё Свабода, Белсат, БелаПАН, Эўрарадыё, Tut.by, Kyky.org, Наша Ніва, Хартыя’97, Флагшток, Hrodna.life, Volkovysk.by, Маланка Медыя, «Бабруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Мост, Люстэрка, Ранак, Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар, Tribuna.com Беларусь, Ex-press.livе, Deutsche Welle Беларусь, UDF.by.

У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».

Некаторыя рэдакцыі самі вырашылі спыніць выхад папяровых вэрсій, як, напрыклад, «Информ-прогулка» ў Лунінцы ці «ЎзГорак» у Горках.