Як паведаміла Міністэрства абароны Турэччыны, міністры абароны Ўкраіны і Турэччыны абмяняліся думкамі па двухбаковых і рэгіянальных пытаньнях абароны і бясьпекі.
Сустрэча кіраўнікоў Украіны і Турэччыны праходзіла ў львоўскім Палацы Патоцкіх. На ёй, паводле турэцкага боку, абмяркоўваліся крокі, якія могуць быць зробленыя для спыненьня ўкраінска-расейскай вайны дыпляматычным шляхам і для разьвіцьця дзейнасьці мэханізму, створанага для экспарту ўкраінскага збожжа на ўсясьветны рынак.
Як паведаміла турэцкае інфармацыйнае агенцтва «Анадолу», Рэджэп Эрдаган прыляцеў з Турэччыны ў польскі горад Жэшаў, а адтуль аўтамабілем прыехаў у Львоў.
Пасьля размовы прэзыдэнтаў Украіны і Турэччыны сам-насам да іх далучыўся генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш, які прыбыў у Львоў напярэдадні, 17 жніўня. Перад сустрэчай з Эрдаганам і Зяленскім ён наведаў Львоўскі нацыянальны ўнівэрсытэт імя Івана Франка.
На асобнай сустрэчы Ўладзімір Зяленскі абмеркаваў з Антонію Гутэрышам працяг каардынацыі па рэалізацыі збожжавай ініцыятывы, пытаньні незаконнай і прымусовай дэпартацыі ўкраінцаў, вызваленьне з палону ўкраінскіх вайскоўцаў і мэдыкаў.
Як паведаміў украінскі прэзыдэнт у сваім тэлеграм-канале, асобная ўвага была скіраваная на тэму ядзернага шантажу Расеі на Запароскай АЭС.
«Гэты сьвядомы тэрор з боку агрэсара можа мець глябальныя катастрафічныя наступствы. Таму ААН павінна запэўніць бясьпеку гэтага стратэгічнага аб’екта, ягоную дэмілітарызацыю і поўнае вызваленьне ад расейскіх войскаў», — сказаў Зяленскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін і Эрдаган правялі перамовы ў Сочы