Беларусь рыхтуецца стаць трэцяй дзяржавай сьвету, якая выйшла зь міжнароднай дамовы аб падачы скаргаў у ААН пра парушэньні правоў чалавека

Паседжаньне Камітэту па правах чалавека ААН, архіўнае фота

Праваабаронца пракамэнтаваў для Свабоды наступствы такога рашэньня, калі яно будзе афіцыйна зацьверджана. Дагэтуль з дамовы выходзілі толькі дзьве краіны — абедзьве з рэгіёну Карыбскага басэйну.

Палата прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь рыхтуецца разглядаць законапраект «Аб дэнансацыі Рэспублікай Беларусь Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах».

Законапраект ад ураду паступіў у Палату прадстаўнікоў 5 ліпеня. Пакуль ён знаходзіцца на разглядзе пастаяннай камісіі ў пытаньнях правоў чалавека, нацыянальных адносін і сродкаў масавай інфармацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывісты выйшлі да беларускай амбасады ў Вільні ў масках з тварамі «вясноўцаў». Фотарэпартаж

Кіраўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак пракамэнтаваў Свабодзе, што такі дэмарш можа азначаць для грамадзян Беларусі і для ААН.

— Варта пачаць з таго, што дамова, зь якой плянуе выйсьці ўрад, гэта фактычна дакумэнт аб тым, што Беларусь прызнае права Камітэту правоў чалавека ААН на разгляд парушэньняў Рэспублікі Беларусь правоў чалавека ў краіне. Адпаведна, грамадзянін можа падаваць скаргу ў ААН і чакаць разгляду сваёй справы.

— Раней беларусы неаднойчы зьвярталіся ў Камітэт правоў чалавека Арганізацыі Аб’яднаныхНацый, але ўлады Беларусі ігнаравалі рашэньні органа.

— Так, за ўвесь час грамадзяне краіны падалі ў Камітэт больш за 200 скаргаў. Звычайна тэмы скаргаў былі падобныя — парушэньні дзяржавай правоў грамадзян на пратэст, свабоду сходаў, свабоды слова, асацыяцыяў. Але былі, вядома, і іншыя скаргі. Аднак урад у Менску гэтыя рашэньні, калі ў ААН прызнаваліся за дзяржавай парушэньні, проста не выконваў, бо не лічыў гэта сваім абавязкам. І ў гэтым сэнсе, па вялікім рахунку, зьменіцца няшмат. Фактычна, і раней абарона не працавала, а зараз яе ня будзе ўжо юрыдычна.

— Рэспубліка Беларусь дэнансацыяй пратаколу правядзе яшчэ адзін дэмарш на міжнародным узроўні?

— Закон — гэта заўсёды сур’ёзна, і закон міжнародны, аб правах чалавека, — гэта таксама сур’ёзна. Працэс выхаду з такой дамовы — выпадак надзвычайны. За ўвесь час сярод больш як сотні ўдзельнікаў толькі два выпадкі дэнансацыі — Ямайка і Трынідад і Табага. Пераважная большасьць краін – сяброў ААН удзельнічае ў гэтай дамове. Гэта з пункту юрыдычна-міжнароднага.

З пункту гледжаньня беларусаў гэта трошкі больш складана. Улады ў Беларусі даўно крытычна ставяцца да гэтай працэдуры і не прызнаюць рашэньняў Камітэту, лічачы, што рашэньні яго палітызаваныя. Яны ўспрымаюць гэтыя рашэньні выключна як рэкамэндацыі і адмаўляюцца іх выконваць.

— Што зьмяняецца ў беларускай сытуацыі ў такім выпадку?

— Далей, калі паглядзець на сытуацыю, усё няпроста. Па-першае, само рашэньне камітэту давала людзям разуменьне, што такое правільна, а што такое няправільна; рашэньне давала праваабаронцам, юрыстам магчымасьць абгрунтавана крытыкаваць дзяржаўныя органы, гаварыць, што ў дзяржаве робіцца ня так. Зараз такую магчымасьць абмяжоўваюць.

Само прызнаньне дзяржавай магчымасьці падаць на яе скаргу — важная працэдура, якая дазваляе гаварыць, што асоба і яе правы зьяўляюцца мэтай дзяржавы. А цяпер мы атрымліваем сытуацыю, што фактычна дзяржава вяртаецца да той лёгікі, маўляў, «мы самі са сваімі грамадзянамі разьбяромся». Кажа, што ня трэба ніякага ўмяшаньня і падказак. Лёгіка, калі дзяржава афіцыйна заяўляе, што інтарэсы чалавека, уласнага грамадзяніна не зьяўляюцца для яе каштоўнасьцю, першаснай задачай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі з 9 жніўня 2020 году завялі 11 тысяч «пратэставых» крымінальных справаў

Беларусь ратыфікавала Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах 19 студзеня 1992 году, ён набыў моц 30 сьнежня таго ж году.

Сам пратакол міжнародная супольнасьць прыняла ў 1966 годзе. У дамове 35 бакоў, якія яе падпісалі, і 116 дзяржаў-удзельніц. За ўсю гісторыю дамовы толькі дзьве дзяржавы, якія ратыфікавалі яго, затым дэнансавалі пратакол — Ямайка і Трынідад і Табага. Беларусь, такім чынам, можа стаць першай эўрапейскай дзяржавай, якая выйдзе з дамовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі візавыя санкцыі супраць 100 беларускіх чыноўнікаў, сілавікоў і прапагандыстаў